Перадвыбарчыя ільготы адмянілі яшчэ да выбараў
22- 15.12.2010, 10:29
З 14 снежня студэнты і навучэнцы ПТВ і сярэдніх спецыяльных навучальных установаў павінны зноў цалкам аплачваць квіткі.
Хаця толькі ўчора ім абвясцілі пра ільготы на праезд у трамваях і тралейбусах Віцебска.
Як паведамілі «Народным навінам Віцебска» ў цэнтральнай дыспетчарскай ТТУ, цэлыя суткі бясплатна студэнты каталіся па памылцы. У рашэнні Віцебскага абласнога савета дэпутатаў ад 10.12.2010 пра ільготны праезд гэтай катэгорыі жыхароў нашага горада не сказана ні слова. Указанне з 11:00 14 снежня спаганяць плату са студэнтаў і навучэнцаў ПТВ і сярэдніх спецыяльных навучальных установаў аддаў начальнік Унітарнага камунальнага транспартнага прадпрыемства «Віцебскае трамвайна-тралейбуснае ўпраўленне» Васіль Паўлючкоў.
Якім чынам адбылася памылка, з-за якой ТТУ катала студэнтаў сабе ў страту, у дыспетчарскай адказаць не змаглі.