9 чэрвеня 2026, aўторак, 9:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выхад праз задні праход, або Месца і роля лукашэнкаўскай «эліты»

28

Безыдэйнае, несамастойнае пакаленне выракае краіну на месца ў канцы чаргі.

«Студэнтам МДЛУ забаранілі карыстацца галоўным уваходам будынка і прымусілі пакідаць Універсітэт праз задні праход». Гэта не фрагмент зводкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях пра экстраную эвакуацыю студэнтаў з ахопленага полымем навучальнага корпуса. Гэта ўрывак з онлайн-трансляцыі з сайта Аб’яднанай грамадзянскай партыі, прысвечанай сустрэчы яе кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Раманчука з выбаршчыкамі. Ён не змог выступіць у актавай зале Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта нібыта з прычыны прарыву каналізацыі. Сустрэчу Раманчуку давялося ладзіць проста на прыступках ягонай alma mater.

Магчыма, двухсэнсоўныя словы пра «выхад праз задні праход» — усяго толькі выпадковая агаворка, народжаная паспешлівасцю, характэрнай для падрыхтоўкі онлайн-рэпартажаў. Але колькі ў ёй зусім невыпадковага сімвалізму! У адным сказе акрэсліваецца месца і роля для будучай эліты Беларусі, так, як гэта бачыцца сённяшняй уладзе.

Ва ўніверсітэце студэнт не толькі атрымлівае пэўную прафесію, але і вучыцца прымаць самастойныя рашэнні, думаць крытычна, фармаваць і адстойваць уласныя перакананні. Гэта не менш важныя навыкі, чым асноўная спецыяльнасць, бо большасць уладальнікаў дыпломаў у будучыні будзе кіраваць іншымі людзьмі. Гэта норма для цывілізаванага свету. А што ў нас?

А ў нас студэнцкую моладзь ператвараюць у пакорлівы статак, які амаль не супраціўляецца ўшчамленню сваіх правоў. Хтосьці можа прыгадаць масавыя акцыі супраць прымусовага размеркавання, ці адмены льгот? А супраць прымусовага датэрміновага галасавання нехта выступае? Чаму так?

Мо таму, што ўніверсітэтамі кіруюць людзі, выхаваныя ў сістэме, якая дзесяцігоддзямі дазваляла глядзець на астатні свет выключна праз «задні праход». І гэтая зашоранасць і пакора перад Сістэмай навязліва перадаецца ўсё новым і новым пакаленням. А Сістэме гэта толькі і трэба.

На фінальным гала-канцэрце прапагандысцкай акцыі «Беларусь — гэта мы!» Аляксандр Лукашэнка агучыў цану «маўчання ягнятаў» — працу тым, хто хоча працаваць, і спакойнае жыццё. Толькі ці будзе тое жыццё спакойным? Плодзячы безыдэйнае, несамастойнае пакаленне, улада ў кароткай перспектыве засцерагае сябе ад непатрэбных ёй пераменаў, а ў доўгатэрміновай выракае краіну на месца ў канцы чаргі. Тое самае, што бліжэй да задняга праходу.

Сямён Печанко, «Наша ніва»

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках