Паштальёнам загадваюць разносіць паштоўкі з подпісам Лукашэнкі (Фота)
91- 16.12.2010, 15:40
У паштовыя скрыні менчукоў сталі трапляць паштоўкі «Будучыня ў нашых руках» з подпісам беларускага дыктатара.
Паштоўкі зробленыя выдавецтвам ПУП «Кавалер», а надрукаваныя ў друкарні «Чырвоная зорка», якая ўваходзіць у сістэму Міністэрства інфармацыі Беларусі, тыражом 1 мільён асобнікаў, паведамляе TUT.by.

На зваротным баку паштоўкі надпіс: «Разам мы даможамся большага!»
«Да нас звярнулася давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з просьбай зрабіць паштоўкі. Мы прапанавалі варыянты - замовец абраў такі. Зацвердзілі, надрукавалі, аддалі. Ні да распаўсюду, ні да продажу мы дачынення не маем», - распавялі ў ПУП «Кавалер».
Тым часам у Гомелі паштальёнаў таксама прымушаюць быць агітатарамі за беларускага кіраўніка.
Паштальёны літаральна засыпалі Гомельшчыну паштоўкамі «Будучыня ў нашых руках!» з факсімільным подпісам Лукашэнкі, перадае «Радыё Свабода».
Паштальёны распавядаюць, што разносіць паштоўкі па паштовых скрынях разам з газетамі ім загадвае кіраўніцтва аддзяленняў сувязі.
Як прызнаўся паштальён, які пажадаў застацца ананімным, паштоўкі па паштовых скрынях супрацоўнікі пошты разносяць у загадным парадку.
«Адмовіць немагчыма, інакш страціш працу. Мы носім і шмат іншай рознай рэкламы – плечы проста адрываюцца. Даплаты за гэта не маем – хіба што начальства атрымае», - паведаміў адзін з паштальёнаў абласнога цэнтра.