Статкевіч і Ус сустрэліся з жыхарамі Гародні на вуліцы (Фота)
14- 17.12.2010, 10:50
Кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікалай Статкевіч хацеў сустрэцца з выбаршчыкамі ў Гародні ў філармоніі, аднак яму прыйшлося выступаць на ганку будынка.
Да гарадзенцаў таксама звярнуўся кандыдат у прэзідэнты Дзмітры Ус і давераныя асобы двух іншых кандыдатаў. Паслухаць іх сабраліся каля 150-ці чалавек. Тым часам улады прапанавалі для сустрэчы памяшканне ў прафтэхвучэльні і нават аўтобусы, каб даставіць туды ахвотных, перадае «Радыё Свабода».
«Дзякуй, што прыйшлі на сустрэчу з намі, хоць яна і праходзіць у некамфортнай сітуацыі, холадна. Але я думаю, што можа быць нават добра, што людзі ў вашым горадзе ўбачаць, што ёсць сёння тыя, хто не згодны з тым, што адбываецца з нашай краінай. Адзін чалавек, абраны на сумленных выбарах, адмяніў гэтыя выбары! Прысвоіў уладу і зараз, магчыма, з'яўляецца, юрыдычна і па сумленні, былым прэзідэнтам! Нашая мэта, мая і Дзмітрыя Уса, распавесці вам, што адбываецца з выбарчай сістэмай у нашай краіне. Мы не збіраемся абяцаць вам працоўныя месцы, пенсіі, гэта ўсё неразумна і немагчыма – выбараў няма! Не спадзявайцеся, вашыя галасы зноў скрадуць! Мы павінны супраціўляцца гэтаму, мы павінны вярнуць сабе выбары!», - заклікаў Статкевіч.
Таксама да выбаршчыкаў звярнуўлася давераная асоба Яраслава Раманчука Юры Істомін.
«У нас няма свабодных выбараў, нашыя галасы на ўчастках не будуць лічыць, і таму мы павінны абараніць нашае права на падлік галасоў, на свабодныя сумленныя выбары на плошчы 19 снежня. І я заклікаю вас таксама прыходзіць на плошчу і адстойваць нашую памяць пра тых людзей, якія загінулі за Беларусь», - заявіў Істомін.


