Штэфан Фюле: Еўразвяз узмоцніць падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі
8- 7.12.2010, 14:17
Хуткасць і маштаб адносінаў Еўразвяза з уладамі будзе залежаць ад прагрэсу ў правядзенні выбараў у Беларусі.
Еўразвяз узмоцніць падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Пра гэта заявіў Еўракамісар па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле, выступаючы ў Цэнтры ўсходніх даследаванняў у Варшаве 6 снежня, паведамляе прэс-служба Еўрапейскай прылады суседства і партнёрства, перадае БелаПАН.
Прыхільнасць Еўразвяза асноўным каштоўнасцям тлумачыць, чаму палітыка ЕЗ у рамках Усходняга партнёрства мае некаторыя абмежаванні, заявіў Фюле. У якасці прыкладу ён прывёў Беларусь, дзе ЕЗ не можа ў поўнай меры ўдзельнічаць у рэформах без яснага руху гэтай краіны ў бок дэмакратызацыі і павагі да правоў чалавека.
«З іншага боку, мы не можам адмовіцца ад удзелу. Падтрымка ЕЗ грамадзянскай супольнасці ў Беларусі будзе ўзмоцненая, і мы будзем працаваць, каб садзейнічаць кантактам паміж людзьмі», — заявіў Фюле.
Еўракамісар растлумачыў, што такія кантакты дапамогуць ЕЗ стварыць аснову для больш амбіцыйных крокаў, магчымых пры пэўных акалічнасцях.
Хуткасць і маштаб удзелу Еўразвяза ў павестцы рэформаў будзе залежаць ад прагрэсу ў правядзенні выбараў у Беларусі, адзначыў Фюле.
Прамова еўракамісара, азагалоўленая «Еўразвяз і Усходняя Еўропа: посткрызіснае збліжэнне», была прысвечана адносінам ЕЗ і Расеі, пераўтварэнням ва Украіне і пытанню пра «канвергенцыю ва ўсходняй палітыцы, звязанай з Усходнім партнёрствам».