Аляксандр Фадзееў: Шантаж не будзе мець эфекту
11- 7.12.2010, 16:19
Беларускі кіраўнік дэманстратыўна шантажуе Расею, лічаць эксперты.
Заявы Лукашэнкі з нагоды перспектывы беларуска-расейскіх адносінаў, якія прагучалі падчас яго выступу на «ўсебеларускім сходзе», не засталіся без увагі расейскіх экспертаў.
Сваю ацэнку выказванням беларускага кіраўніка пракаментаваў «Радыё Свабода» Аляксандр Фадзееў, загадчык аддзела Беларусі Інстытута краінаў СНД (Масква).
«Мне здаецца, што ўвесь папярэдні перыяд паказвае, што напруга паміж дзвюма краінамі захоўваецца. Таму прэзідэнт Беларусі можа мець свой пункт гледжання на пераадоленне гэтай напругі, але мне здаецца, што прагноз неспрыяльны для Менска. І гэта звязана не толькі з тым, што адносіны сапсаваныя паміж двума прэзідэнтамі.
Але больш непрыемная для Менска прынцыповая пазіцыя Масквы, якая заключаецца ў планамерным пераводзе адносінаў з Беларуссю ў прагматычнае рэчышча, перш за ўсё ў эканамічнай вобласці. Спробы Лукашэнкі прадставіць сітуацыю так, што адносіны пагоршыліся, а потым палепшацца, у кантэксце гэтага падыходу Масквы не граюць», - упэўнены эксперт.
- Лукашэнка таксама казаў, што неабходна шукаць альтэрнатыўныя крыніцы энерганосьбітаў. Як вы ацэньваеце перспектывы гэтых пошукаў?
- Па пастаўках расейскага газу альтэрнатывы ў бліжэйшыя 7-10 гадоў для Беларусі няма і не будзе. Усе надзеі на будаўніцтва заводаў па звадкаванні газу на ўзбярэжжа Балтыкі, дастаўкі гэтага звадкаванага газу па няісных трубах у Беларусь – гэта ўсё ілюзіі.
Іншая справа з нафтай. Беларусь можа набываць нафту на сусветным рынку ў любой краіне, не толькі ў Венесуэле. І нават дзіўна, што Беларусь жадае купляць менавіта венесуэльскую нафту, у Еўропе яе ніхто не атрымлівае і не спажывае. Кошт на альтэрнатыўную нафту будзе ў любым выпадку вышэйшы, чым на расейскую.
Да таго ж пастаўкі альтэрнатыўнай нафты могуць прывесці да перагляду расейскай пазіцыі з нагоды паставак Беларусі бяспошліннай расейскай для яе ўнутраных патрэбаў. Гэта, мабыць, таксама павінен улічваць беларускі бок.
- Як вы пракаментуеце словы Лукашэнкі з нагоды таго, што калі канфлікт з Расеяй не вырашыцца, то «Беларусь безгаспадарнай не застанецца», што яна – «прынадны кавалак для ЕЗ і ЗША»?
- Гэта – галоўнае палажэнне выступу беларускага прэзідэнта на ўсебеларускім сходзе, якое дэманструе слабасць гэтага выступу. Лукашэнка ў сваім выступе шмат разоў казаў, што галоўная каштоўнасць для рэспублікі – гэта суверэнітэт і незалежнасць, што трэба вучыцца жыць самастойна, а з іншага боку ён дэманстратыўна шантажуе Расею, тым што калі Масква не пойдзе на дамовы з Беларуссю на ўмовах Менска, то Менск будзе шукаць збліжэння з Вашынгтонам і Брусэлем. Гэтыя пасылы беларускага лідара выглядаюць нязграбна. Гэтая частка выступу Аляксандра Рыгоравіча – гэта шантаж Крамля, які не будзе мець эфекту.