Улады просяць менчукоў саміх прыбіраць снег
41- 1.02.2010, 11:44
У сувязі са складанымі ўмовамі надвор'я гарадскія ўлады Менска звярнуліся па дапамогу да прадпрыемстваў і арганізацыяў.
Рашэнне аб прыцягненні дадатковых сілаў для барацьбы са снегам прынятае 1 лютага на аператыўнай нарадзе ў Менгарвыканкаме, перадае БелТА.
«У Менску складаецца дастаткова складаная сітуацыя, таму ў раёнах горада трэба сабраць камісіі па надзвычайных сітуацыях і вызначыць меры па вырашэнні ўзніклай праблемы. Неабходна абавязаць уласнікаў і балансаўтрымальнікаў нерухомасці навесці парадак на прылеглай тэрыторыі», - сказаў намеснік старшыні Менгарвыканкама Аляксандр Барысенка.
Паводле яго словаў, на прадпрыемствах і ў арганізацыях сталіцы можна было б абвесціць у некаторай ступені суботнік: аб'екты гандлю, агульнага харчавання, бытавых паслугаў, адукацыі, прамысловыя прадпрыемствы і іншыя могуць зрабіць свой унёсак у барацьбе са стыхіяй, расчысціўшы ад снега пешаходныя дарожкі, прыступкі, падыходы.
«Мы развучыліся працаваць у зімовы перыяд і разлічваем толькі на камунальную тэхніку, але сёння гэтага недастаткова», - заклікаў гараджанаў да дапамогі намеснік старшыні гарвыканкама.