У Менску арыштавалі пратэстанта – яго прынялі «за паляка»
18- 12.02.2010, 9:12
Юрыст царквы «Новае жыццё» быў затрыманы 11 лютага на праспекце Незалежнасці за пропаведзь.
Пра гэта паведаміла прэс-служба аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».
Сяргей Луканін прапаведваў сярод моладзі. Супрацоўнікі міліцыі прынялі яго за «паляка, які праводзіць антыдзяржаўны мітынг», сказаў вернік.
Па словах Луканіна, каля 19.30 разам з жонкай і двума сябрамі з царквы «Новае жыццё» ён прыйшоў да рэстарана «Макдональдс», дастаў Біблію і пачаў пропаведзь, якую слухалі маладыя людзі, што прагульваліся ў гэты час па цэнтры сталіцы.
Прыкладна праз 20 хвілінаў да Луканіна падышлі міліцыянты і «груба спыталі, хто ён і што робіць». Луканін назваўся і патлумачыў, што нясе людзям Слова Божае. Праз некалькі хвілінаў пад'ехаў аўтамабіль з супрацоўнікамі спецназа, і Луканіна адвезлі ў Цэнтральны РУУС.
Каля гадзіны вернік правёў за кратамі, дзе сярод алкаголікаў таксама пачаў прапаведваць.
На допыце дзяжурны супрацоўнік міліцыі запатрабаваў тлумачэнняў адносна дзеянняў Луканіна, таму што пропаведзі ў горадзе нібыта забароненыя законам. Луканін заявіў, што для яго «асноўны закон — гэта Біблія».
Юрыста царквы «Новае жыццё» адпусцілі без складання пратаколу.
Нагадаем, што ў цяперашні час паміж Беларуссю і Польшчай разгарэўся канфлікт з-за пераследу ў нашай краіне актывістаў непрызнанага ўладамі Звяза палякаў. У нелаяльнага ўладам Звяза палякаў канфіскуюць Польскія дамы, пабудаваныя на грошы ўрада Польшчы, саміх актывістаў арыштоўваюць і судзяць.