21 траўня 2024, aўторак, 9:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Малады фронт»: Дзень святога Валянціна сёлета пройдзе ў Crown Plaza

16

Міжнародная моладзевая арганізацыя «Малады фронт» не будзе праводзіць традыцыйнае шэсце ў Дзень святога Валянціна 14 лютага.

Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Менску 2 лютага паведаміў намеснік старшыні арганізацыі Іван Шыла, перадае БелаПАН.

Паводле яго словаў, вулічныя акцыі 14 лютага «сябе вычарпалі».

«На шэсце прыходзіць каля ста чалавек, яны традыцыйна разганяюцца міліцыяй. Мы вырашылі, што такім чынам мы не прыцягнем у арганізацыю новых людзей. Трэба «перафарматаванне» акцыі ў Дзень святога Валянціна. На маю думку, «Малады фронт» перарос фармат такіх акцый. Таму традыцыйнай вулічнай акцыі 14 лютага не будзе», - сказаў Іван Шыла.

Паводле яго словаў, замест акцыі адбудзецца ўручэнне першай нацыянальнай прэміі за любоў да Беларусі, заснаванай «Маладым фронтам». Уручэнне прэміі адбудзецца 14 лютага ў гатэлі Crown Plaza у Менску.

«На ўручэнне прэміі запрошаны больш за 300 гасцей: журналісты, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, вядомыя дзеячы культуры і мастацтва Беларусі. Гэтая прэмія не матэрыяльная, а, хутчэй, маральная. Мы вырашылі адзначыць тых, хто дасягнуў пэўных вынікаў у папулярызацыі беларускай мовы і беларускай культуры», - адзначыў Шыла.

Аднак, паводле словаў лідэра «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча, арганізацыя не адмаўляецца ад правядзення іншых акцый, прысвечаных Дню святога Валянціна. «Як і раней, прадстаўнікі нашай арганізацыі наведаюць амбасады краін Еўразвяза, каб перадаць амбасадарам віншаванні з гэтым днём, выказаць словы любові да Еўропы і яшчэ раз адзначыць, што выбар Беларусі - гэта інтэграцыя ў еўрапейскую супольнасць», - сказаў Дашкевіч.

Пры гэтым ён адзначыў, што сёлета 14 лютага выпадае на нядзелю, калі дыпламатычныя місіі не працуюць. «Таму нашы актывісты павіншуюць супрацоўнікаў еўрапейскіх амбасад загадзя - у пятніцу, 12 лютага», - падкрэсліў Дашкевіч.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках