Дата суду над ваўкавыскімі прадпрымальнікамі яшчэ не прызначаная
1- 24.02.2010, 9:21
Ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага 2009 года.
Дата суду над Мікалаем Аўтуховічам і Уладзімірам Асіпенкам пакуль не прызначаная, паведаміў БелаПАН адвакат Мікалая Аўтуховіча Павал Сапелка.
Па словах Сапелкі, ён наведаў свайго падабароннага ў следчым ізалятары № 1 Менска 23 лютага. «Аўтуховіч пачуваецца нармальна. І ў нас ужо ёсць ідэі, як паправіць яго здароўе ў галіне пратэзавання зубоў. У яго былі праблемы з гэтым», — адзначыў адвакат.
Ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага 2009 года.
Праз 10 дзён ім было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса. 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» была ўзбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13). Абвінавачванне ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту Асіпенку і Аўтуховічу было прад'яўленае 20 лістапада.
8 жніўня Лявонава вызвалілі з менскага следчага ізалятара, а 24 верасня з яго былі знятыя ўсе абвінавачванні.
Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныяі прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення. У студзені 2010 года ўплывовая міжнародная праваабарончая арганізацыя «Human Rights Watch» прызнала ваўкавыскіх прадпрымальнікаў і арыштаванага ўдзельніка «Працэсу 14-ці» Арцёма Дубскага палітвязнямі.