Народнаму паэту Рыгору Барадуліну – 75 гадоў
14- 24.02.2010, 10:53
Сябры беларускага паэта жадаюць яму доўгіх гадоў жыцця і хутчэйшага выздараўлення, а беларусам – шанаваць творчасць найвялікшага паэта сучаснасці.
Народны паэт, аўтар больш чым сямідзесяці кнігаў паэзіі, прозы і перакладаў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы, кавалер ордэна Дружбы народаў, Знака Пашаны, латышскага Ордэна Трох Зорак і медаля Францішка Скарыны, Ганаровы доктар БДУ, беларускі намінант на Нобелеўскую прэмію Рыгор Барадулін 24 лютага адзначае свой 75-гадовы юбілей.
Як адзначае «Радыё Свабода», перш за ўсё сябры паэта жадаюць яму хутчэйшага выздараўлення. Бо юбіляр, на жаль, сустракае сваю семдзесят пятую вясну, у шпіталі.
«Даражэнькі Рыгор! Я табе хачу пажадаць аднаго - здароўя, -- кажа паэт і грамадскі дзеяч Генадзь Бураўкін. -- Здароўя тваёй душы, здароўя тваёй руцэ нястомнай, здароўя тваім зоркім, тваім ясным вачам, здароўя тваёй невычэрпнай фантазіі, здароўі тваёй вялікай-вялікай дабрыні. І яшчэ пры гэтым я хачу пажадаць здароўя нашаму роднаму народу, таму народа, якому ты аддаў свой рэдкі, унікальны, Богам дадзены талент. Мне вельмі хочацца гэтаму нашаму народу пажадаць здароўя духоўнага. Тады і табе, можа быць, лягчэй бы жылося тыя гады, якія ты пражыў, і наперадзе было б намнога больш гадоў, чым тыя, якія ў цябе яшчэ ёсць. Так што мілы, дарагі Рыгор - здароўя, здароўя, здароўя!»
А вось вітальнае слова яшчэ аднаго сябра паэта Уладзіміра Някляева:
«Калі дзеля юбілею не браць пад ўвагу Коласа, Купалу, Багдановіча - гэта значыць, першых, якія назаўсёды застануцца такімі, бо што яны першыя, дык Рыгор Барадулін - найвялікшы беларускі паэт дваццатага стагоддзя. Калі ж яшчэ мець на ўвазе сапраўды паэзію, а не сцёб, не ўсялякія гульні ў вершаказы, тэксты, таямнічыя і не вельмі, дык Рыгор Барадулін - першы паэт Еўропы. Не скажу за ўвесь свет (ён надта вялікі), але ведаючы еўрапейскае паэзію, я магу гэта сцвярджаць, не вагаючыся».
«Барадулін - больш, чым паэт, -- падкрэслівае Уладзімір Някляеў. -- Моўная сітуацыя ў нашай краіне такая, што ён адзін выконвае, робіць тую працу, якую павінен быў бы рабіць увесь народ. Гэта значыць - ствараць, развіваць і захоўваць мову. Калі сітуацыя зменіцца, а яна абавязкова зменіцца, дык народ менавіта ў Барадуліне знойдзе тое, што ён ужо забыўся».
Нагадаем, што 15 лютага Рыгор Барадулін патрапіў у рэанімацыю з двухбаковай пнеўманіяй.