Тэрмін крымінальнага следства супраць Тэрэзы Собаль падоўжаны
2- 25.02.2010, 11:01
24 лютага ў Валожынскім РАУС прайшоў допыт дырэктаркі івянецкага Польскага дома Тэрэзы Собаль і бухгалтаркі Рамуальды Мірон.
Іх дапытвалі ў сувязі з крымінальнай справай супраць Тэрэзы Собаль аб злоўжыванні службовым становішчам. Як паведамляе «Радыё Свабода», тэрмін следства падоўжаны.
У справе Тэрэзы Собаль памяняўся следчы. 24 лютага ў Валожынскім райаддзеле міліцыі яе дапытваў Аляксандр Шульга. Спачатку паказанні давала бухгалтарка івянецкага Польскага дома Рамуальда Мірон. Тэрэза Собаль пасля заканчэння допыту сказала:
«Пасля бухгалтаркі запрасілі мяне. Што запытвалі? Ці згодная я, каб справа была часткова прыпыненая, як яны сказалі, з-за даўнасці часу. Я сказала – не».
Тэрэза Собаль хоча, каб справа была спыненая толькі з прычыны адсутнасці складу злачынства. Паводле яе словаў, справа была заведзеная з парушэннем тэрміну даўнасці, які мінуў у канцы 2009 года. А пастанову аб узбуджэнні крымінальнай справы Тэрэзе Собаль уручылі толькі 5 студзеня сёлета.
Журналіст, актывіст непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Анджэй Пачобут адзначае, што справа супраць дырэктаркі івянецкага Польскага дома першапачаткова насіла дыскрымінацыйны характар.
«Увесь дзяржаўны «агітпрап» абвінавачваў Тэрэзу Собаль ва ўсіх смяротных грахах. А дакументамі гэта не пацвярджаецца. Таму такім нахабным чынам гэтай жанчыне, якую цкавалі, якую запалохвалі, зараз прапаноўваюць: давайце мы спынім справу з прычыны заканчэння тэрміну даўнасці, каб уся хлусня, якая была на яе павешаная, засталася. Ад самага пачатку гэта надуманая, хлуслівая справа, мэта якой - ачарніць Тэрэзу Собаль у вачах чальцоў Саюза палякаў, у вачах беларускага грамадства. І тое, што зараз выкарыстоўваюцца такія метады, пацвярджае, што сапраўдная мэта – гэта яе палітычная дыскрэдытацыя як грамадскай дзяячкі», -- заяўляе Анджэй Пачобут.
Нагадаем, што дырэктарка Польскага дома ў Івянцы Тэрэза Собаль выступае ў якасці падазраванай у крымінальнай справе аб злоўжыванні службовым становішчам (частка 2 артыкула 210 Крымінальнага кодэкса). Справа грунтуецца на тым, што ў канцы 2004 года яна атрымала заахвочванне ад кіраўніцтва Саюза палякаў Беларусі з Гародні - 600 тысячаў беларускіх рублёў.