29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія пісьменнікі: Такога масавага пераследу не было са сталінскіх часоў

15

Саюз беларускіх пісьменнікаў заяўляе аб беспрэцэдэнтным пераследзе сябраў аб'яднання з боку ўладаў і патрабуе неадкладна спыніць рэпрэсіі.

Адпаведная заява рады СБП была прынятая 3 лютага, паведамляе БелаПАН.

У заяве кажацца пра тое, што з 2010 года «пачалася беспрэцэдэнтная акцыя па шэльмаванні і пераследзе сябраў нашай афіцыйна зарэгістраванай творчай арганізацыі. Па ўсёй краіне беларускамоўных і рускамоўных паэтаў, празаікаў і крытыкаў зноў пачалі выклікаць у дзяржаўныя інстанцыі і ўльтыматыўна патрабаваць выйсці з СБП».

Рада СБП сцвярджае, што «абразлівыя і незаконныя «працэсы» мелі месца ў сталіцы і ва ўсіх рэгіёнах Беларусі» і былі санкцыянаваныя «вышэйшымі ўладнымі структурамі Беларусі».

У заяве адзначаецца, што на працягу апошніх тыдняў каля сотні сябраў СБП звярнуліся да кіраўніцтва і рады грамадскага аб'яднання з просьбай аб дапамозе і абароне іх грамадзянскіх правоў, гарантаваных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Законам аб грамадскіх аб'яднаннях: «Да прыкладу, распачатыя адміністрацыйныя і псіхалагічныя цкаванні нават у дачыненні да паэткі, якая жыве ў Чарнобыльскай зоне і на мізэрную зарплату адна выхоўвае дваіх непаўнагадовых дзяцей».

«Падобнага масавага пераследу беларускія пісьменнікі не памятаюць са сталінскіх часоў», - адзначаецца ў заяве.

Улічваючы вышэй выкладзенае, рада СБП патрабуе «неадкладна спыніць пераслед пісьменнікаў, чальцоў ГА «СБП»; «даць належную ацэнку дэструктыўнай дзейнасці кіраўніцтва СПБ на чале з М. І. Чаргінцом, якое наносіць непапраўную шкоду развіццю сучаснага літаратурна-грамадскага працэсу і нацыянальнай культуры ў цэлым».

У адваротным выпадку СБП вымушаны будзе звярнуцца па падтрымку ў міжнародныя арганізацыі, паўнапраўнымі сябрамі якіх з'яўляецца СБП: Міжнароднае згуртаванне пісьменніцкіх саюзаў (Масква), Еўрапейскую пісьменніцкую раду (Брусэль), Балтыйскую пісьменніцкую асацыяцыю (Стакгольм), Міжнародную асацыяцыю пісьменніцкіх саюзаў «Слова бяз межаў» (Кіеў) і да іншых партнёраў.

Разам з гэтым СБП пакідае за сабой права «на правядзенне ў вызначаным заканадаўствам парадку грамадскіх акцыяў пратэсту па абароне правоў сябраў ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» на працу і ўдзел у грамадскіх арганізацыях».

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках