9 чэрвеня 2026, aўторак, 16:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Не па кані корм

14

Улады павінны прызнаць відавочнае - сельскагаспадарчая галіна Беларусі фактычна збанкрутавалася.

У 2009 годзе сельскагаспадарчымі арганізацыямі ўсіх галінаў і формаў падпарадкавання атрымана 1,5 трлн. рублёў (каля $500 млн.) чыстага прыбытку.

Пры гэтым пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць, на якую крэдыторамі накладаюцца штрафныя санкцыі, да 1 студзеня 2010 года дасягнула 1,9 трлн. рублёў (каля $630 млн.) і павялічылася за год на 36,6%.

Пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць сельскагаспадарчых арганізацыяў склала каля 37% пратэрмінаванай запазычанасці па крэдытах і пазыках усіх прадпрыемстваў і арганізацыяў краіны - пры тым, што доля галіны ў вытворчасці ВУП не перавышае 8%. Такім чынам сельская гаспадарка з'яўляецца асноўным даўжніком народнай гаспадаркі як у абсалютным выражэнні, так і па суадносінах пратэрмінаваных фінансавых абавязальніцтваў і долі галіны ў кошце вырабленага ВУП.

Агульная сума крэдытных абавязальніцтваў сельскагаспадарчых арганізацыяў у 2009 годзе павялічылася да 10 трлн. рублёў (3,3 млрд. даляраў). Па словах міністра Сямёна Шапіры, агульная сума ўсіх фінансавых абавязальніцтваў сельгазарганізацыяў, уключаючы абавязальніцтвы перад бюджэтам, пастаўшчыкамі і інш. дасягнула 34 трлн. рублёў (каля 9,7 млрд. даляраў), што фактычна паралізуе гаспадарчую дзейнасць арганізацыяў з прычыны недахопу абаротных сродкаў. Сэнс гэтай заявы зводзіцца да канстатавання простага і непрыемнага для кіраўніцтва краіны і міністэрства факта - галіна фактычна збанкрутавалася.

Гэтай заявай міністр прызнаў факт правалу ажыццёўленага 5 гадоў таму праекту па пошуку эфектыўных уласнікаў для сельгаспрадпрыемстваў, у адпаведнасці з якім яны былі перададзеныя на ўтрыманне прамысловым прадпрыемствам, банкаўскім і іншым структурам. У выніку фактычна збанкрутавалая галіна была выратаваная ад фармальнага банкруцтва, а яе прадпрыемствы атрымалі юрыдычна аформлены канал для атрымання далейшых крэдытаў на вядзенне гаспадарчай дзейнасці.

Зрэшты, сума ўласна крэдытных рэсурсаў, па якіх сельскагаспадарчыя арганізацыі павінны несці адказнасць, як бы «растае» у бюджэтных рэсурсах, якія вылучаюцца сельскай гаспадарцы ў межах Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла. Па гэтым амбіцыйным праекце ў 2005-2009 гадах аграрны сектар эканомікі атрымаў больш за 21 трлн. рублёў прамых і ўскосных субсідыяў і датацыяў, разлічаных на перспектыўнае засваенне з адкладзеным сацыяльна-эканамічным эфектам. Ці будзе ён дасягнуць ці не, невядома. Але верагодней за ўсё гэтыя інвестыцыі праз нейкі час будуць спісаныя па артыкуле «стратэгічныя выдаткі на сацыяльныя патрэбы». Зрабіць гэта будзе досыць проста, паколькі аграгарадкі, якія ўзводзяцца на гэтыя грошы, растуць як грыбы пасля дажджу. Па словах урадавага куратара галіны, віцэ-прэм'ера Івана Бамбізы, у 2010 годзе плануецца пераўтварыць у аграгадакі 293 населеных пункта, што мяркуе выкананне працаў па будаўніцтве, рэканструкцыі і рамонце на амаль 6 тыс. аб'ектаў сацыяльна-інжынернай інфраструктуры. Заяўленае запатрабаванне ў фінансавых сродках на гэтыя мэты складае 1,2 трлн. рублёў. У 2009 годзе ў аграгарадкі быў ператвораны 251 населены пункт.

Тым не менш скарачэнне колькасці насельніцтва ў сельскай мясцовасці, якое працягваецца, у малых і сярэдніх гарадах не дазваляе спадзявацца на значны сацыяльны эфект ад гэтага распачынання.

Таму галоўным крытэрам ацэнкі эфектыўнасці гэтых інвестыцыяў з'яўляецца такі скрайне сінтэтычны паказчык як «засваенне» сродкаў па прынцыпе «што вылучана, тое і засвоена». Летась да засваення былі накіраваныя 4,6 трыльёна, рублёў, што ў пераліку на 1 гектар сельгасугоддзяў склала 212 даляраў, перавысіўшы на 30% паказчык пагектарнага даляравага субсідавання ў пазамінулым годзе.

Гэта значыць у частцы росту інвестыцыяў Праграма, безумоўна, выконваецца, а эканамічная эфектыўнасць засваення сродкаў знаходзіцца на гранічна нізкім узроўні. У мінулым годзе вытворчасць валавой прадукцыі галіны вырасла ўсяго на 1,3%. Слабым апраўданнем для аграрнага кіраўніцтва можа служыць тая акалічнасць, што ў сельгазарганізацыях аб'ем вытворчасці павялічыўся на 4,2%, а знізіўся ў непадведамасных яму гаспадарках насельніцтва - на 8,2%. Імклівае скарачэнне аб'ёмаў вытворчасці ў асабістых дапаможных гаспадарках насельніцтва з'яўляецца самым відавочным сацыяльна-эканамічным эфектам аграрнай палітыкі, у адпаведнасці з якой «арганізаваная аграэканоміка» павінна не толькі кампенсаваць страты, але і давесці аб'ёмы вытворчасці да ўзроўня, які дазваляе цалкам насыціць унутраны рынак і істотна павялічыць экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі. І пры гэтым мець немалое дадатнае сальда знешняга гандлю, паколькі менавіта пад гэтае абяцанне (зарабляць на сябе і дзяржаву) галіна атрымала такі доступ да бюджэтных рэсурсаў.

Таму пытанне аб пашырэнні ці згортванні практыкі датацыяў - гэта не пытанне выбару шляху. Гэта пытанне жыцця і смерці сістэмы гаспадарання. Пытанне непрыемнае, што даўно ўжо непакоіць самога Аляксандра Лукашэнку, які зачакаўся пераходу ўсёй сістэмы на бездатацыйнае гаспадаранне. У траўні 2007 года, праводзячы чарговую кадравую перастаноўку сярод мясцовых аграрных і тэрытарыяльных кіраўнікоў, ён сцвярджаў, што «ад датацыяў мы сыдзем праз год-два» і патрабаваў ад назначэнцаў упартай у гэтым накірунку працы. У 2008 годзе ён абяцаўся пазбавіць падтрымкі нядбайных, а лепшым гаспадаркам скараціць падтрымку на палову.

А ўжо ў цяперашнім годзе, ацэньваючы запланаваныя структурныя пераўтварэнні ў галіне, Лукашэнка падкрэсліў: «Мэтай рэфармавання гэтай сферы павінна быць паляпшэнне працы і фінансавага становішча прадпрыемстваў. Але не проста механічнае перакідванне іх з верхняга на ніжні ўзровень».

Аднак іншых каналаў пераразмеркавання сродкаў у АПК проста не існуе. Усялякая перабудова ў гэтай сферы пачынаецца з абяцання падвышэння эфектыўнасці, а сканчаецца банальнай перадачай сродкаў ад бюджэту - верхнім структурам, ад верхніх структураў - ніжнім. Прычым на кожным этапе гэтага руху першапачатковая сума змяншаецца на велічыню выдаткаў, неабходных для ўтрымання структуры, якая перадае.

З рухам грашовых сродкаў у адваротным накірунку справы ідуць значна горш.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках