9 чэрвеня 2026, aўторак, 18:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З нас здзекваліся, як з тэрарыстаў…

15

Пенсіянерка з Менска распавяла пра ўдзел у мірнай дэманстрацыі апазіцыі 14 лютага.

Ліст жыхаркі Менска Ніны Багінскай публікуе газета «Народная воля»:

Прачытала ў «Народной Волі» рэпартаж «Пабітае дубінкамі каханне» пра тое, як «святкавалі» ў Менску Дзень Святога Валянціна, і ў каторы раз падумала: праўду піша мая газета! Як і заўжды. Я ж сама была на тым «свяце», пасля якога напісала заяву ў пракуратуру…

Прыйшла паглядзець на нашу моладзь і самой памаладзець душой. Усё цешыла вока: адкрытыя светлыя твары, кветкі, паветраныя шарыкі, белыя строі анёлаў на дзяўчатах, транспаранты са словамі любові да Беларусі.

І тут -- зграя амапаўцаў, хапун, даўно ўжо звыклы на вуліцах Менска. Але ў такі дзень! Як дровы, закідвалі маладзёнаў у аўтазакі. Мы з некалькімі жанчынамі памкнуліся іх абараніць, але сілы былі няроўныя. І я апынулася ў аўтазаку, кінутая на дзяўчынку-падлетка, а на мяне шпурнулі яшчэ двух чалавек. Карціна эпохі «лібералізацыі» вартая пэндзля жывапісца!

Пад крыкі людзей і мацяршчыну «ахоўнікаў парадку» нас павезлі ў пастарунак Цэнтральнага РУУС Менска, паставілі тварам да сцяны, як нейкіх бандытаў-тэрарыстаў. (Можа, яны ўжо перавяліся, і сілавікам ужо няма з кім змагацца, акрамя як з закаханымі?)

Што там было, які здзек з людзей, іх гонару, ва ўсіх падрабязнасцях апісваць не буду: гэтыя тумакі, гэтае рычанне двуногіх істот у форме, якія, на добры лад, у нармальнай краіне павінны былі б выклікаць павагу. Пры ўмове, канечне, каб упэўненасць паэта «Моя милиция меня бережет» ды хоць якое дачыненне мела да нашых сённяшніх рэалій… Супрацоўніца РУУС беспардонна палезла ў маю сумку і забрала бел-чырвона-белы сцяг, які, насуперак яе абяцанням, мне так і не вярнулі. А якой абразлівай была прымусовая дактыласкапія! Мяне абселі з усіх бакоў, сілком выцягнулі рукі, запэцкалі далоні чорным. На просьбу даць хоць якую анучу рукі выцерці, чалавек у цывільным кінуў скамечаны бел-чырвона-белы сцяг: «Вот тебе ануча!» А другі, назваўшы сябе палкоўнікам, хоць і быў у цывільным, не пасаромеўся крыкнуць мне: «Ведьма!»

А між тым гэта я і дзесяткі маладых грамадзян апынуліся ў нейкім «вядзьмарніку», дзе, падобна, прыстойны службоўца выглядае дзіваком.

Пра ўсё перажытае, пра ганьбу і здзек, учынены ў той дзень з прыйшоўшых на свята людзей, я напісала заяву пракурору Цэнтральнага раёна.

Патрабую вярнуць мой сцяг, абараніць гонар і годнасць, як і належыць у цывілізаванай краіне.

Ніна Багінская, пенсіянерка

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках