9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння - Дзень свабоды слова ў Інтэрнэце

4

Гэты дзень праводзіцца міжнароднай арганізацыяй «Рэпарцёры без межаў», каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы свабоднага доступу ў Сетку па ўсім свеце.

«Рэпарцёры без межаў» – інтэрнацыянальная недзяржаўная арганізацыя па абароне правоў чалавека, якая ахоўвае свабоду слова ва ўсім свеце. Яна была заснаваная ў Парыжы ў 1985 годзе. Задача арганізацыі – змагацца супраць цэнзуры, за вызваленне журналістаў, пацярпелых з-за сваёй прафесійнай дзейнасці. Штогод арганізацыя публікуе ўласны спіс «ворагаў Інтэрнэту» (Internet Enemies).

«У шмат якіх краінах, і асабліва ў краінах СНД, Інтэрнэт з'яўляецца адным з магчымых спосабаў доступу да інфармацыі для насельніцтва, асабліва ў краінах, дзе няма незалежнай друкаванай прэсы. Таму мы вырашылі зладзіць такі дзень у Інтэрнэце», – адзначыла прадстаўнік арганізацыі Эльза Відаль.

«У гэты дзень мы маем усе шанцы яшчэ раз падзейнічаць на ўлады, якія перашкаджаюць свабоднаму функцыянаванню той прасторы, якая павінна быць свабоднай. Мы зможам яшчэ раз зрабіць гэтую акцыю паспяховай», – кажацца на сайце «Рэпарцёраў без межаў».

У самы першы Дзень свабоды слова ў Інтэрнэце 12 сакавіка 2008 года «Рэпарцёры без межаў» запрашалі карыстальнікаў наведаць сайт арганізацыі www.rsf.org, каб выказаць пратэст супраць цэнзуры, якой злоўжываюць некаторыя ўрады, і запатрабаваць вялікіх правоў для карыстальнікаў Інтэрнэту.

На працягу 24 гадзінаў, з 11 гадзінаў па парыжскім часе (12.00 па Менску) 12 сакавіка да 11 гадзінаў 13 сакавіка, карыстальнікі прынялі ўдзел у адной з «кібердэманстрацыяў», якія прайшлі ў Бірме, Кітаі, Паўночнай Карэі, на Кубе, у Егіпце, Эрытрэі, Тунісе, Туркменістане і В'етнаме.

На працягу сутак карыстальнікі маглі ствараць аватары для блогаў, выбіраць паведамленні для сваіх банэраў і прымаць удзел у кібердэманстрацыях. Таксама быў апублікаваны чарговы спіс «ворагаў Інтэрнэту».

У 2008 годзе ў спіс дзяржаваў – «ворагаў Інтэрнэту» былі ўнесеныя 15 краінаў. Сярод іх Беларусь, Туркменістан, Узбекістан, М'янма (Бірма), Кітай, Куба, Егіпет, Эфіёпія, Паўночная Карэя, Саудаўская Аравія, Сірыя, Туніс, В'етнам і Зімбабвэ.

Яшчэ 11 дзяржаваў знаходзяцца пад назіраннем «Рэпарцёраў без межаў». Гэтыя краіны не адпраўляюць у турму блогераў і актыўна не цэнзуруюць Інтэрнэт. Аднак, на думку арганізацыі, яны актыўна і арганізавана спрабуюць абмяжоўваць свабоду слова ў Сусветнай Сетцы. У гэты спіс увайшлі Таджыкістан, Бахрэйн, Эрытрэя, Гамбія, Іярданія, Лівія, Малайзія, Шры-Ланка, Тайланд, ААЭ і Емен.

У дакладзе, апублікаваным у межах Дня свабоды слова ў Інтэрнэце ў 2009 годзе, арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» «ворагамі Інтэрнэту» назвала 12 краінаў, якія рознымі спосабамі абмяжоўваюць доступ сваіх грамадзянаў да інфармацыі ў «сусветным павуцінні».

У спіс патрапілі Саудаўская Аравія, М'янма, Кітай, Куба, Егіпет, Іран, КНДР, Сірыя, Туніс, Туркменістан, Узбекістан і В'етнам. Паводле дадзеных міжнароднай арганізацыі, улады пералічаных краінаў даюць сваім грамадзянам толькі частковы доступ да інфармацыі, размешчанай у сусветнай сетцы.

«Рэпарцёры без межаў» падкрэсліваюць, што кіберсвабода ў Беларусі знаходзіцца пад пагрозай з-за падпісання ўказу Аляксандра Лукашэнкі аб цэнзуры Інтэрнэту, які ўступае ў сілу ўлетку 2010 года.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках