3 лiстапада 2023, Пятніца, 5:41
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

БАЖ паскардзіўся генпракурору на ператрусы ў журналістаў

Беларуская асацыяцыя журналістаў звярнулася да генпракурора Беларусі ў сувязі з узмацніўшымся ціскам на прадстаўнікоў незалежных СМІ.

Прычынай напісання адкрытага звароту Рыгору Васілевічу сталі падзеі апошніх тыдняў, калі на працягу невялікага адрэзку часу былі абшуканыя некалькі незалежных журналістаў.

У сваёй заяве БАЖ не выключае, што ператрусы маглі праводзіцца незаконна і заклікае генпракурора Беларусі пракантраляваць дзеянні праваахоўных органаў.

«На працягу апошніх 10 дзён супрацоўнікі міліцыі нібыта на падставе расследавання крымінальнай справы аб паклёпе правялі ператрусы ў журналістаў, сябраў ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», -- гаворыцца ў звароце БАЖ. -- 17 лютага супрацоўнікі міліцыі на чале з маёрам Ленінскага РУУС Менска Чуем абшукалі працоўнае месца намесніцы рэдактара газеты «Народная воля» Марыны Коктыш і забралі сістэмны блок яе камп’ютэра.

26 лютага некалькі супрацоўнікаў Савецкага РУУС г. Менска на чале са следчым Камінскім правялі ператрус у кватэры шэф-рэдактара гэтага ж выдання Святланы Калінкінай. У той жа дзень супрацоўнікі міліцыі спрабавалі трапіць з мэтай правядзення ператрусу ў кватэру журналісткі Ірыны Халіп.

БАЖ адзначае, што ператрусы праводзіліся нібы ў рамках «паляўнічай справы, але манера іх правядзення прымушае ў гэтым сумнявацца.

«Ператрусы праводзіліся ў сувязі з расследаваннем крымінальнай справы аб паклёпе ў дачыненні да былога намесніка, а зараз начальніка УКДБ па Гомельскай вобласці (арт. 188 КК) Івана Каржа.

Звяртаем Вашу ўвагу на тое, што статус пацярпелага па справах, распачатых па гэтым артыкуле, не мае значэння, а ў адпаведнасці з арт. 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь усе роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.

Тым не менш, ход расследавання гэтай справы, удзел у следчых мерапрыемствах супрацоўнікаў адразу некалькіх УУС Гомельскай вобласці і Менска, санкцыянаванне іх пракурорам без відавочнай на тое прычыны нараджае сумнеў альбо ў выкананні згаданай нормы Асноўнага закона, альбо ў адпаведнасці дэклараваных мэтаў ператрусаў рэальным», -- сказана ў звароце.

«Беларуская асацыяцыя журналістаў» адзначае, што праведзеныя ператрусы нагадваюць карціну двухгадовай даўніны, калі ператрусу былі падвергнутыя многія незалежныя журналісты.

«Ператрусы 17 і 26 лютага нагадалі падзеі двухгадовай даўніны, калі ператрусы - таксама з нагоды расследавання крымінальнай справы аб паклёпе і знявазе, але прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, - адбыліся ў кватэрах журналістаў па ўсёй Беларусі.

Як і зараз, тады ў пастановах на ператрус не прыводзілася ніякіх канкрэтных падставаў, акрамя спасылкі на тое, што ў месцах ператрусаў нібыта «могуць знаходзіцца прадметы, якія могуць мець значэнне для справы». Як і зараз, асобы, у якіх праводзіліся ператрусы, не з'яўляліся падазраванымі альбо абвінавачванымі па справе. Як і зараз, у грамадскасці былі ўсе падставы меркаваць, што сапраўднай мэтай ператрусаў з'яўляецца перашкода журналісцкай дзейнасці і запалохванне журналістаў.

«У сваім звароце на Ваша імя 01.04.2008 г. ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» звяртала ўвагу, што ператрусы ў кватэрах журналістаў і іншых памяшканнях не мелі пад сабой законных і дастатковых падставаў. Праз паўгода нашы высновы пацвердзіліся, і адабранае абсталяванне было журналістам вернутае. Тым не менш, ні кампенсацыі, ні словаў выбачэння журналісты не атрымалі», -- адзначыў БАЖ.

Незалежныя журналісты заклікаюць Васілевіча правесці расследаванне па факце правамернасці ператрусаў прадстаўнікоў СМІ.

«Лічым, што ператрусы на працоўным месцы М. Коктыш і ў кватэры С. Калінкінай таксама не мелі пад сабой дастатковых прававых падставаў, і расцэньваем іх як грубае ўмяшальніцтва ў свабоду журналісцкай дзейнасці. Падобныя дзеянні, як паказвае досвед 2008 года, самым негатыўным чынам адбіваюцца на іміджы Рэспублікі Беларусь.

Падчас ператрусаў у М. Коктыш і С. Калінкінай былі адабраныя прадметы, якія неабходныя ім для ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці. Заклікаем Вас неадкладна прыняць меры па вяртанні адабранай маёмасці.

Настойваем таксама на прыняцці мер пракурорскага рэагавання для аднаўлення законнасці, абароны парушаных правоў і законных інтарэсаў журналістаў, а значыць —і свабоды слова ў Рэспубліцы Беларусь», -- заявіў БАЖ.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках