Звольнены і, магчыма, арыштаваны кіраўнік Маскоўскага суда Менска
28- 5.03.2010, 9:19
Паводле неафіцыйных дадзеных, супраць былога старшыні суда Анатоля Савіча ўзбуджаная крымінальная справа.
Анатоль Савіч звольнены згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі. Крымінальная справа супраць яго ўзбуджаная з прычыны злоўжывання службовым становішчам і хабарніцтва. Афіцыйнага пацверджання гэтага пакуль няма, паведамляе «Радыё Свабода».
На тэрыторыі Маскоўскага раёна знаходзіцца большасць міністэрстваў і ўпраўленняў. Менавіта ў судзе Маскоўскага раёна вернікі царквы «Новае жыццё» дамагаліся адмены рашэння гарадскіх уладаў. У маскоўскім судзе разглядаліся гучныя справы, у тым ліку экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Аляксандра Казуліна.
Большасць затрыманых удзельнікаў вулічных акцыяў і лідэры апазіцыі падчас мінулай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі дастаўляліся ў Маскоўскі суд, дзе іх каралі на максімальныя тэрміны арышту.
Анатоль Савіч нарадзіўся ў 1959 годзе. Мае стаж працы суддзём 16 гадоў.
У судзе Маскоўскага раёна працаваў з 1989 года. З траўня 2000 года займаў пасаду старшыні суда. У 2002 годзе Савіч задаволіў пазоў кіраўніка Дзяржкантроля Анатоля Тозіка да незалежнай газеты «Наша свабода», пасля чаго яна спыніла сваю дзейнасць.