Імпарцёры тытуню будуць спансіраваць лыжню і лядовыя палацы
13- 5.03.2010, 15:35
Імпарцёры расейскіх тытунёвых вырабаў у Беларусь будуць накіроўваць спартыўным арганізацыям краіны 5% сваёй выручкі.
Адпаведнае рашэнне ўтрымліваецца ва ўказе прэзідэнта Беларусі N116, тэкст якога размешчаны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе «Інтэрфакс».
Ва ўказе гаворыцца, што юрыдычныя асобы, якія імпартуюць у вызначаным заканадаўствам парадку на тэрыторыю Беларусі тытунёвыя вырабы, (за выключэннем цыгар, цыгарыл і курыльнага тытуню), вырабленыя ў Расейскай Федэрацыі, павінны накіроўваць «спартыўным арганізацыям не менш за 5% ад выручкі, атрыманай імі ад рэалізацыі названых тытунёвых вырабаў».
Дадзенае рашэнне прынята ў рамках шэрагу мерапрыемстваў па стварэнні неабходных умоў «для далейшага развіцця асобных відаў спорту, падрыхтоўкі спартсменаў высокага класа і спартыўнага рэзерву, а таксама павышэння ўзроўню выступленняў на міжнароднай спартыўнай арэне беларускіх клубаў».
Правам на імпарт тытунёвых вырабаў у Беларусь, па рашэнні кіраўніка дзяржавы, надзелена толькі дзяржпрадпрыемства «Беларусьгандаль» Упраўлення справамі Лукашэнкі. Імпарт тытунёвых вырабаў у краіну праз яго ажыццяўляюць таксама кампаніі British American Tobacco, Japan Tobacco International і Imperial Tobacco.
Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у 2009 годзе ў Беларусь было імпартавана 514 млн. штук цыгарэт, што на 58,3% менш за ўзровень 2008 года, у тым ліку з Расеі - 512,8 млн. штук (на 58,3% менш). У вартасным выражэнні імпарт тытунёвых вырабаў у Беларусь склаў $12,2 млн (на 57,8% менш за 2008 год).