Маскоўскія даішнікі выставілі з аўтааматараў «жывы шчыт» (Відэа)
18- 9.03.2010, 14:47
Тэма «жывога шчыта» зноў актыўна абмяркоўваецца ў Інтэрнэце. Але на гэты раз беларускія супрацоўнікі ДАІ ні пры чым.
Як паведамляе «Салідарнасць», сумны досвед беларускіх калег вырашылі ўкараніць у сябе расейскія дарожныя інспектары. На маскоўскай кальцавой аўтамабілістаў зрабілі «жывым шчытом» на шляху злачынцаў.
Пра гэта паведамляе ў сваім звароце на Youtube пацярпелы Станіслаў Суцягін.
Паводле яго аповеду, 5 сакавіка каля шасці раніцы на ўчастку кальцавой дарогі паміж Шчолкаўскай і Яраслаўскай шашы яго аўтамабіль спынілі супрацоўнікі ДІБДР і запатрабавалі змясціць машыну пад вуглом да праезнай часткі. Такім чынам інспектары задзейнічалі яшчэ некалькі аўтамабіляў і перагарадзілі МКАД. А праз некалькі хвілін у «жывы шчыт» (кіроўца і пасажыр увесь гэты час заставаліся ўнутры машыны) урэзаўся аўтамабіль Audi серабрыстага колеру, перадае Lenta.ru. Прабіўшы агароджу з машын, парушальнік схаваўся.
«Нас проста выставілі жывым шчытом, спрабуючы спыніць машыну. Няўжо нашае жыццё нічога не вартае ў нашай расейскай дзяржаве? Няўжо тым, у каго ўлада, глыбока напляваць, што ў машынах едуць жывыя людзі?»- здзіўляецца аўтар звароту.
Паводле яго словаў, у адным з аўтамабіляў, да шчасця, што атрымаў нязначныя пашкоджанні, мужчына вёз у радзільны дом цяжарную жонку.
Як заявіў Суцягін, пазней уладальнікам пацярпелых машын у ДІБДР патлумачылі, што гэта была спецаперацыя па затрыманні парушальніка, аднак шкоду, прычыненую аўтамабілям, Дзяржаўтаінспекцыя пакрываць не плануе.
«Нам проста сказалі: хлопцы, вы нічога не атрымаеце. Машыну ў выніку не дагналі, яна схавалася. Ну і што, што мы вам сказалі, як іх паставіць», - перадае кіроўца тлумачэнні супрацоўніка ДПС.
Пазней Сяргей Суцягін заявіў радыёстанцыі «Эхо Москвы», што падасць заяву ў маскоўскую пракуратуру і ў генпракуратуру ў сувязі з тым, што яго аўтамабілю была прычынена шкода, а яго жыццё і жыццё кіроўцаў іншых машын падвергнулася небяспецы.
Нагадаем, што падобная гісторыя адбылася ў сакавіку 2008 года ў Беларусі. Тады на Слуцкай шашы супрацоўнікі ДАІ перагарадзілі дарогу легкавымі аўтамабілямі з людзьмі, каб спыніць п'янага кіроўцу, які нясецца з хуткасцю 180 км/г. Пазней за гэты інцыдэнт двое супрацоўнікаў ДАІ Кастрычніцкага раёна Менска былі прызнаныя вінаватымі ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў, што пацягнулі за сабой пагрозу жыццю грамадзян, і прысуджаныя да двух гадоў умоўна з адтэрміноўкай на тры гады.