Новыя затрыманні актывістаў Саюза палякаў
2- 1.04.2010, 15:21
Міліцыя аднавіла «паляванне» на актывістаў непрызнанага Саюза палякаў у Беларусі.
Пад Шчучынам (Гарадзенская вобласць) затрымалі намесніка старшыні СПБ Мечыслава Яскевіча і актывістку Вераніку Себаст’яновіч, паведамляе «Еўрарадыё».
Іх затрымала шчучынская міліцыя. Пра гэта паведаміў актывіст Саюза палякаў Андрэй Пачобут.
«Паведамілі, што падазраюцца яны ў тым, што правозяць нелегальную літаратуру. Іх завезлі ў Шчучын. Зараз знаходзяцца ў Шчучынскім РАУС», - распавёў Андрэй Пачобут.
Як адзначыў Пачобут, Вераніка Себаст’яновіч - ветэран вайны і старшыня таварыства жаўнераў Арміі Краёвай пры СПБ. Яе і Яскевіча затрымалі падчас дзяжурнай паездкі да ветэранаў Арміі Краёвай.
Нагадаем, што ў апошнія месяцы ў Беларусі ўзмацніліся рэпрэсіі супраць Саюза палякаў. 17 лютага польскі сойм прыняў рэзалюцыю, у якой асудзіў дзеянні Менска ў дачыненні польскай меншасці ў Беларусі. У рэзалюцыі ўтрымліваецца рэкамендацыя разгледзець магчымасць вярнуцца да палітыкі санкцый у дачыненні да беларускага кіраўніцтва.