Украіна занепакоеная актыўным увозам цукру і мяса з Беларусі
9- 14.04.2010, 14:12
Актыўны ўвоз ва Украіну з Беларусі цукру і прадукцыі жывёлагадоўлі адмоўна ўплывае на ўнутраны рынак.
Такую заяву, як перадае «Інтэрфакс», зрабіў міністр аграрнай палітыкі Украіны Мікалай Прысяжнюк.
Як паведамляе прэс-служба Мінаграпалітыкі ў сераду, занепакоенасць значным павелічэннем паставак беларускай жывёлагадоўчай прадукцыі і цукру на ўкраінскі рынак міністр выказаў падчас сустрэчы з амбасадарам Беларусі ва Украіне Валянцінам Вялічкам 9 красавіка.
Паводле прэс-рэлізу, у 2009 годзе імпарт ва Украіну беларускай жывёлагадоўчай прадукцыі склаў $69,77 млн., што амаль на 22% больш, чым у 2008 годзе. Згодна з дзеючым ва Украіне заканадаўствам, у краіну можна ўвозіць мяса з жывёл, якія выгадаваныя на тэрыторыі краіны-экспарцёра.
«На жаль, большасць праінспектаваных перапрацоўчых прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь не выконвае гэтыя патрабаванні. Акрамя таго, украінскі бок турбуюць пытанні дэмпінгавых цэнаў на беларускую жывёлагадоўчую прадукцыю», - гаворыцца ў паведамленні.
Прысяжнюк адзначыў, што Мінаграпалітыкі спадзяецца на рашэнне праблемных пытанняў і пашырэнне ўкраінска-беларускага супрацоўніцтва ў галіне АПК.
На яго думку, узгаднення патрабуюць такія пытанні, як кошт беларускай малочнай прадукцыі, якая пастаўляецца ва Украіну, верагодны аб'ём увозу ва Украіну цукру, інспектаванне абодвума бакамі прадпрыемстваў, зацікаўленых у пастаўках жывёлагадоўчай прадукцыі.