Кандыдата ў дэпутаты выклікалі на допыт у КДБ
3- 15.04.2010, 10:27
Позна ўвечары 14 красавіка мастоўскаму кандыдату ў дэпутаты Алесю Зарэмбюку ўручылі позву, у якой нават не пазначаная прычына допыту.
Апазіцыянера абавязалі з'явіцца раніцай 15 красавіка ў Гарадзенскае абласное ўпраўленне КДБ, паведамляе «Еўрарадыё».
У позве не пазначана, па якой справе і ў якасці каго выклікаюць Зарэмбюка. Не ведаў гэтага і міліцыянт, які ўручаў позву.
Нагадаем, што два тыдні таму Зарэмбюк ужо заяўляў, што спецслужбы рыхтуюць супраць яго правакацыі. Па словах апазіцыянера, на яго хочуць завесці крымінальныя справы, каб зняць з выбарчай кампаніі. 11 красавіка Аляксандра Зарэмбюка затрымалі на 7 гадзінаў на літоўска-беларускай мяжы. Для экспертызы ў КДБ у яго канфіскавалі фотаапарат.
Нагадаем, палітык балатуецца ў Гарадзенскі абласны і Мастоўскі раённы савет дэпутатаў.