Расея аднавіла пашпартны кантроль на мяжы з Беларуссю
32- 16.04.2010, 14:33
На аўтобусных рэйсах з Расеі ў Беларусь уведзены пашпартны кантроль. Гэты загад дало ФСБ.
Дакументы ва ўсіх пасажыраў, якія накіроўваюцца за межы Расеі, пакуль правяраюць толькі супрацоўнікі аўтавакзалаў.
У прыватнасці, як распавёў «Еўрарадыё» жыхар Беларусі, ён сутыкнуўся ў Смаленску з падобнай сітуацыяй, калі вяртаўся на радзіму. Працаўнікі смаленскага аўтавакзала правяралі адпаведнасць фатаграфіяў і ўладальнікаў пашпартоў, а таксама дадзеныя на квітках. Асабліва ўважліва прыглядаліся да пасажыраў каўказскай знешнасці.
У кампаніі «Расейскія аўтобусныя лініі» пацвердзілі такую інфармацыю. Аднак супрацоўніца кампаніі адзначыла, што праверкі праходзяць не толькі на мяжы з Беларусяй.
- Пашпартны кантроль у вас праходзіць?
- Праходзіць.
- А з чым гэта звязана? Здаецца, не патрэбны быў ...
- З тэрактамі. У Маскве тэракты былі - усё з-за гэтага.
- У сувязі з гэтым аўтобусы, якія накіроўваюцца ў Беларусь, правяраюцца?
- Не толькі ў Беларусь - усе аўтобусы правяраюцца.
- А як доўга працягнецца такі рэжым?
- А я адкуль ведаю? У ФСБ тэлефануеце.
- Гэта значыць, гэта кіраўніцтва ФСБ вашаму кіраўніцтву такую разнарадку скінула?
- Так.
Нагадаем, што 29 сакавіка ў Маскве адбыліся два выбухі ў метро.
Дарэчы, падчас Дня Волі ў гэтым годзе менская міліцыя заяўляла пра магчымасць тэракту, які рыхтуюць нейкія «замежныя асобы». Тады меркаванай краінай, адкуль у Беларусь нібыта прыехалі тэрарысты, праваахоўнікі называлі Расею.