У Чырвоным касцёле прэзэнтавалі новы зборнік Рыгора Барадуліна
- 26.04.2010, 11:38
Менавіта Чырвоны касцёл спыніў забыццё Рыгора Барадуліна і за апошнія пяць гадоў выдаў дзевяць кнігаў вядомага паэта.
25 красавіка ў менскім касцёле Святых Сымона і Алены адбылася прэзентацыя новай кнігі вершаў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна «Халодная памяць вады», паведамляе БелаПАН.
Як адзначыла складальнік і рэдактар выдання кандыдат філалагічных навук, дацэнт Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Ала Сакалоўская, паэтычныя зборнікі Барадуліна, які «як пісаў, так і піша», не друкаваліся на працягу дзесяці гадоў. Яна лічыць сімвалічным тое, што менавіта Чырвоны касцёл спыніў гэтае забыццё і за апошнія пяць гадоў выдаў дзевяць кнігаў вядомага паэта. У апошняе, 452-старонкавае ілюстраванае літаратурна-мастацкае выданне, увайшлі новыя вершы Барадуліна, напісаныя напачатку XXI стагоддзя. Зборнік выдадзены напярэдадні 75-годдзя аўтара, якое адзначалася 24 лютага.
Паэт Генадзь Бураўкін адзначыў, што ўсе кнігі Барадуліна сталі з'явай у беларускай літаратуры, а таксама ў душы і лёсах шмат якіх людзей. Паводле яго словаў, з кожнай кнігай Барадулін змяняўся і ўзвышаўся. «І калі першыя яго зборнікі перапоўненыя зямнымі рэаліямі і пачуццямі, дык з цягам часу паэт становіцца духоўна багатым, духоўна строгім і духоўна адданым. Я хачу пакланіцца Богу за тое, што ён падараваў нам геній Барадуліна. Я хачу пакланіцца Барадуліну за тое, што ён свой Божы дарунак аддаў роднай Беларусі», - сказаў Бураўкін.
Літаратуразнавец Пятро Васючэнка выказаў удзячнасць пробашчу Чырвонага касцёла, ксяндзу-магістру Уладзіславу Завальнюку і Але Сакалоўскай за выданне «девяцікніжжа» Барадуліна, канцэптуальным цэнтрам якога з'яўляецца кніга духоўнай паэзіі «Ксты», а Палярнай зоркай - «Халодная памяць вады».
Паэт Сяргей Законнікаў падкрэсліў, што паэтычная спадчына Барадуліна, якая ўвабрала ўсе лепшыя якасці айчыннага паэтычнага слова ад Францішка Скарыны да сённяшняга дня, апраўдоўвае прысутнасць беларускай нацыі на планеце Зямля.
Генеральны сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай арцыдыяцэзіі Антоні Дзям'янка адзначыў, што ў сваёй кнізе Барадулін узнімае тэму хрысціянскай духоўнасці, адносіны да чалавека і прыроды, а таксама да Айчыны і яе гісторыка-культурнай спадчыны.
Барадулін выказаў падзяку выдаўцам яго кнігаў і арганізатарам прэзентацыі, а затым прачытаў свой верш «Касцёл».