3 лiстапада 2023, Пятніца, 5:52
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія ўлады супраць «Яндэкса»

18

Чыноўнікі сцвярджаюць, што пашукавік не заплаціў за выкарыстанне карт Беларусі і Менска.

Ва ўстанове «Дзяржкартгеоцэнтр» Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі не ведаюць паходжання карт Менска і Беларусі, размешчаных на папулярным сэрвісе «Яндекс.Мапы», - паведаміў «Интерфаксу»» дырэктар «Дзяржкартгеоцэнтра» Сяргей Леўчык.

«На дадзены момант у «Дзяржкартгеоцэнтра» ніякіх пагадненняў з «Яндэксам» няма, у тым ліку і ліцэнзійных дамоваў на прадастаўленне ў карыстанне геаграфічнай асновы. Адзіны дакумент, які ў нас ёсць са спасылкай на «Яндэкс» - дазвол Дзяржкаммаёмасці «Белгеадэзіі» на стварэнне такой мапы для расейскага пашукавіка з абавязковым заключэннем дамовы паміж «Яндэксам» і «Дзяржкартцэнтром». Але з запытам пра заключэнне дамовы «Яндэкс» у «Дзяржкартгеоцэнтр» не звяртаўся», - заявіў Леўчык.

Па яго словах, Дзяржкаммаёмасць звярталася з пісьмовым запытам ў «Яндэкс» з прапановай вырашыць пытанне. «Аднак, наколькі я ведаю, адказ так і не быў атрыманы», - адзначыў суразмоўца.

Леўчык выказаў здагадку, што карты «Яндэкс» атрымаў ад кампаніі «ГВС Тэхналогіі», якая паказаная ў ліку праваўладальнікаў на сайце пашукавіка. «Прадпрыемства «Белгеадэзіі» ў свой час стварала мапу для гэтай кампаніі, аднак «ГВС Тэхналогіі» з'яўляюцца канчатковым карыстальнікам і перадаваць права карыстання геаграфічнай асновай і самі мапы трэцім асобам яны не мелі права», - падкрэсліў ён.

У той жа час у кампаніі «Яндэкс» запэўнілі, што мапы «абсалютна законныя». Дырэктар па маркетынгу сэрвісаў кампаніі «Яндэкс» Андрэй Себрант заявіў, што мапы набытыя ў «афіцыйнага беларускага пастаўшчыка, які мае ўсе неабходныя ліцэнзіі». «Мы ўвогуле ў любой краіне працуем у поўнай адпаведнасці з яе законамі. Беларусь - гэта не першая краіна за межамі Расеі, куды выходзіць «Яндэкс». Мы ўжо навучыліся дбайна вывучаць мясцовае заканадаўства, кансультавацца з мясцовымі юрыстамі і толькі пасля гэтага здзяйсняць нейкія дзеянні», - сказаў Себрант.

«Картаграфічная аснова ствараецца з выкарыстаннем бюджэтных грошаў і дзяржава ў асобе Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі, у адпаведнасці з законамі «Аб геадэзічнай і картаграфічнай дзейнасці» і «Аб аўтарскіх і сумежных правах», з'яўляецца уладальнікам маёмасных аўтарскіх правоў», - паведаміў Леўчык.

Па яго словах, у Беларусі для правамернага выкарыстання альбо распаўсюджвання карт, у тым ліку пасродкам сеткі Інтэрнэт, неабходна атрымаць у Дзяржкаммаёмасці адпаведны дазвол з указаннем тэрміну эксплуатацыі карт і іх мэтавага прызначэння, пасля чаго заключыць дамову з «Дзяржкартгеоцэнтром» і зрабіць аплату за карыстанне геаграфічнай асновай.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках