Хакеістам «урэзалі» зарплаты
9- 6.04.2010, 11:17
Ліміт заробкаў у беларускіх хакейных клубах складзе 100 тысячаў даляраў у месяц, а прэміяльных - 6 тысячаў даляраў за гульню - на ўсіх хакеістаў.
Такое палажэнне будзе замацаванае ў рэгламенце правядзення адкрытага чэмпіянату Беларусі ў экстралізе, які 5 красавіка разгледзеў выканкам Федэрацыі хакея, піша БелаПАН.
У мінулым годзе ліміт заробкаў, які складаў 130 тыс. даляраў (прэміяльныя - 50 тыс.), быў адменены.
- З ўтрымальніцтвам трэба сканчаць, не толькі грашыма трэба стымуляваць рост майстэрства, але і за кошт канкурэнцыі, - заявіў старшыня ФХРБ Яўген Ворсін. - Гулец не павінен прыязджаць у Беларусь з думкай зарабіць вялікія грошы і гуляць пасярэдне.
Ворсін адзначыў, што санкт-пецярбургскі СКА з бюджэтам 60 млн. даляраў у плэй-оф КХЛ прайграў рыжскаму «Дынама», у якога грошай у пяць разоў менш.
На паседжанні была агучаная сярэдняя стаўка легіянера ў беларускім чэмпіянаце - 7,5 тыс. даляраў ЗША.
Ворсін таксама паведаміў, што ў наступным сезоне ў КХЛ па-ранейшаму будзе гуляць толькі адзін беларускі прадстаўнік - менскае «Дынама». Сталічная «Юнацтва», якое 3 красавіка стала пяціразовым чэмпіёнам краіны, працягне выступ у нацыянальным першынстве.
Выканкам ФХРБ прыняў таксама рашэнне ўвесці ў штатны расклад пасаду старшыні федэрацыі: былы міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў кіраваў ёю на грамадскіх пачатках.