19 красавiка 2024, Пятніца, 18:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

АМАП разагнаў гей-парад у Менску (Відэа, фота, абноўлена)

АМАП разагнаў гей-парад у Менску (Відэа, фота, абноўлена)

Удзельнікі шэсця былі затрыманыя супрацоўнікамі АМАПа з ужываннем сілы. 17 траўня іх будуць судзіць.

Прыкладна 30 чалавек прынялі ўдзел у акцыі «Славянскі гей-прайд 2010», якая 15 траўня прайшла на вуліцы Сурганава. Удзельнікі шэсця з 12-мятровым вясёлкавым сцягам скандавалі: «Не гамафобіі!», «Роўныя правы без кампрамісаў!», « Гамафобія — гэта хвароба!» і іншыя.

Як перадае БелаПАН, дэманстранты прайшлі па пешаходнай частцы вуліцы некалькі дзесяткаў метраў. Каля дома № 1 па вуліцы Сурганава яны правялі кароткі мітынг, а затым паспрабавалі прайсці далей — у бок вуліцы Батанічная. Аднак на скрыжаванні вуліцаў Батанічная, Акадэмічная і Сурганава супрацоўнікі АМАПа спынілі акцыю.

Восем чалавек, у тым ліку два жыхары Санкт-Пецярбурга, былі затрыманыя АМАПам з ужываннем сілы. Іх пагрузілі ў міліцэйскія машыны і аўтобусы і павезлі ў Першамайскі РУУС.

Увечары затрыманыя ўдзельнікі шэсця ў межах форума «Славянскі гей-прайд 2010» былі дастаўленыя з Першамайскага РУУС у турму на вуліцы Акрэсціна.

Паводле інфармацыі аднаго з арганізатараў акцыі Сяргея Андросенкі, словы якога прыводзіць БелаПАН, затрыманыя будуць знаходзіцца ў ізалятары да панядзелка, 17 траўня. У гэты дзень пройдуць судовыя разгляды па адміністрацыйных пратаколах. Удзельнікам акцыі перададзеныя ежа, цёплая вопратка і іншыя рэчы.

Нагадаем, Менскі гарвыканкам забараніў намечаны на 15 траўня «Славянскі гей-прайд 2010», удзельнікі якога планавалі сабрацца ля будынка Белдзяржфілармоніі і прайсці па праспекце Незалежнасці да прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук. Арганізатары мерапрыемства былі паінфармаваныя аб рашэнні ўладаў лістом ад 7 траўня за подпісам намесніка старшыні Менгарвыканкама Міхаіла Ціценкова. Улады абгрунтавалі забарону шэсця артыкулам 9 закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», адзначаючы ў лісце, што «правядзенне масавых мерапрыемстваў не дапускаецца на адлегласці менш за 200 метраў ад падземных пешаходных пераходаў, станцыяў метрапалітэна».

14 траўня сусветная праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» выказала шкадаванне ў сувязі забаронай Менгарвыканкамам шэсця і заклікала беларускія ўлады паважаць правы сэксуальных меншасцяў.

Фотa - «Радыё Свабода»

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках