«Дачку» Parex banka у Беларусі прадалі за 100 даляраў
2- 17.05.2010, 9:33
У беларускім таварыстве з абмежаванай адказнасцю Pareks lizing 24 сакавіка прайшоў сход акцыянераў.
Кіраванне актывамі Parex banka набірае абароты: як сведчаць дакументы, якія патрапілі ў распараджэнне Baltic Screen, за продаж лізінгавай кампаніі ў Беларусі Parex banka атрымаў... 100 даляраў, у сваю чаргу другі плацёж будзе атрыманы праз няпоўныя два гады, і яго сума яшчэ невядомая.
Як піша «Тэлеграф», у беларускім таварыстве з абмежаванай адказнасцю Pareks lizing 24 сакавіка прайшоў сход акцыянераў. Згодна з копіяй пратаколу сходу № 14, менавіта на гэтым сходзе, які прайшоў у будынку банка ў Рызе і ў якім удзельнічалі ўладальнікі Pareks lizing – кіраўнікі АТ Parex banka і ТАА Parex Express Kredi-ts Ніл Мэлнгайліс і Андрыс Мікельсонс, было прынятае рашэнне аб продажы Pareks lizing.
Па дакументах беларускую лізінгавую кампанію было вырашана прадаць Rietumu banka і звязанай з ім кампаніі RB Investments. У якасці першага плацяжу Parex banka атрымала толькі 100 даляраў. «Плацяжы праведзеныя ў адпаведнасці з дамовай», — гэта адзінае, што з гэтай нагоды кажуць у самім Parex banka.
Праўда, прадугледжаны і яшчэ адзін плацёж, да 10 лютага 2012 года, выкарыстоўваючы дастаткова складаную формулу разліку плацяжу. Эксперты, паглядзеўшы формулу, выказалі Baltic Screen асцярогі, што яна не выгодная для прадаўцоў, паколькі яны не могуць увесь час кантраляваць тое, што адбываецца на прадпрыемстве: рознымі легальнымі механізмамі можна дамагчыся таго, што і другі плацёж будзе неістотным.
У банку прычыну продажу тлумачаць крызісам і тым, што істотна знізіўся аб'ём бізнэсу і партфель актываў. Пры гэтым абсалютна не жадаюць адкрыць якія-небудзь вынікі дзейнасці менавіта Pareks lizing у мінулым годзе, спасылаючыся на тое, што гэта не публічная інфармацыя.
Baltic Screen прааналізаваў дасягальныя дадзеныя аб працы прадпрыемства ў мінулым годзе і высветліў, што прадпрыемства з асноўным капіталам у 20 100 даляраў летась задзейнічала 35 чалавек і працавала вельмі паспяхова — прыбыткі склалі 68,9 млрд беларускіх рублёў (амаль 13 мільёнаў латаў), а чысты прыбытак — няпоўныя 800 тысячаў латаў. І такое прадпрыемства прадалі за няпоўныя 100 латаў, і невядома, колькі яшчэ за яго атрымаюць.