Расце запазычанасць эканомікі і насельніцтва па крэдытах
4- 21.05.2010, 11:00
Запазычанасць эканомікі і насельніцтва па крэдытах дасягнула Br68 трлн, павялічыўшыся на 33,5% за год.
Беларускія банкі за студзень – красавік 2010 года выдалі крэдытаў на агульную суму 30,63 трлн. рублёў, што на 8,94 трлн. рублёў (на 41,2%) больш, чым за аналагічны перыяд мінулага, паведамляе АФН са спасылкай на прэс-службу Нацбанка.
У цэлым запазычанасць эканомікі і насельніцтва па банкаўскіх крэдытах на 1 траўня дасягнула 68,05 трлн. рублёў і ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ўзрасла на 17,07 трлн. рублёў (33,5%).
Пры гэтым запазычанасць па кароткатэрміновых крэдытах павялічылася на 4,38 трлн. рублёў (32,1%), і склала 17,96 трлн. рублёў, па доўгатэрміновых крэдытах – на 12,71 трлн. рублёў (на 34%) да 50,1 трлн. рублёў. Узрасла доля рублёвага складніку ў агульным аб'ёме крэдытнай запазычанасці насельніцтва. Калі год таму яна складала 72,6%, дык у цяперашні час – 84,4%.
«Узмацненне пазітыўных тэндэнцыяў у эканоміцы і фінансавай сферы краіны дазволіла Нацыянальнаму банку працягнуць распачатае ў снежні 2009 г. зніжэнне агульнага ўзроўня адсоткавых ставак. Так, з 17 лютага 2010 г. стаўка рэфінансавання была зменшаная на 0,5 адсоткавага пункта да 13% гадавых, з 19 красавіка – да 12,5%, а з 12 траўня – да 12%», - нагадвае Нацбанк.
Поўная адсоткавая стаўка па новых крэдытах юрыдычным, фізічным асобам, індывідуальным прадпрымальнікам у красавіку склала 18,41% гадавых і ў параўнанні з красавіком 2009 г. зменшылася на 3,24 адсоткавага пункта.
Поўная адсоткавая стаўка па новых крэдытах юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам у СКВ у мінулым месяцы склала 10,6% гадавых і зменшылася ў параўнанні з красавіком 2009 г. на 2,92 адсоткавага пункта.
Асноўнымі накірункамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2010 год прадугледжанае зніжэнне да канца бягучага года стаўкі па новых крэдытах нефінансаваму сектару да 12 – 15%.