20 траўня 2024, панядзелак, 3:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менгарвыканкам забараніў пікет у памяць Юрыя Захаранкі

6

Менскі гарвыканкам адмовіў Аб'яднанай грамадзянскай партыі ў правядзенні 7 траўня пікету ў памяць былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі.

Гэтым разам улады матывавалі сваю адмову тым, што «правядзенне масавых мерапрыемстваў не дапускаецца на адлегласці менш за 200 метраў ад падземных пешаходных пераходаў, станцыяў метрапалітэна», паведамляе ucpb.org.

«Юрыі Захаранка – сябра нашай партыі. Натуральна, мы не можам прамінуць такую дату, – кажа старшыня Менскай гарадской арганізацыі АГП Анатоль Паўлаў. – Мы падалі заяўку на правядзенне пікетавання. Прычым месца пікетавання знаходзіцца фактычна на пустцы, там, дзе насамрэч адбылося яго знікненне. Там няма ні транспартных развязак, ні пешаходных пераходаў…»

Анатоль Паўлаў адзначыў, што падобная рэакцыя ўладаў была прагназаванай, і ў сітуацыі, якая склалася, гадавіна знікнення Юрыя Захаранкі «хутчэй за ўсё, будзе адзначаная ранейшым метадам – выхадам людзей з яго партрэтамі».

Нагадаем, што ў 1999-2000 гадах у Беларусі зніклі першы віцэ-спікер Вярхоўнага Савета Беларусі 13 склікання, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар, бізнэсмэн і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі, экс-кіраўнік МУС, які пасля стаў апазіцыйным палітыкам, Юры Захаранка і аператар расейскага тэлеканала ГРТ Дзмітры Завадскі.

Пра неабходнасць высветліць лёс зніклых беларускіх апазіцыянераў увесь час заяўляе міжнародная супольнасць. Патрабаванне раскрыць праўду пра іх знікненне ўтрымліваецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН па правах чалавека, Парламенцкіх асамблеяў Рады Еўропы і АБСЕ.

Шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, у прыватнасці экс-міністру ўнутраных справаў Уладзіміру Навумаву, былому сакратару Савета бяспекі Віктару Шэйману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і экс-камандзіру САХРа Дзмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША з-за падазрэнняў у іх датычнасці да выкраданняў апазіцыянераў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках