Улады не пакідаюць у супакоі пратэстантаў
6- 10.06.2010, 11:32
«Новае жыццё» абвінавачваецца ў знішчэнні больш чым 3000 квадратных метраў урадлівай зямлі.
Пра гэта БелаПАН паведаміў юрыст пратэстанцкай супольнасці Сяргей Луканін. Паводле яго словаў, абвінавачванне прапісанае ў акце абследавання тэрыторыі царквы, які быў уручаны вернікам 9 чэрвеня. У дакумент, падпісаны 10 чыноўнікамі, уключаная дарога, якая вядзе да храма, стаянка для аўтамабіляў і газон за будынкам царквы.
Як кажа юрыст, чыноўнікі ніяк не рэагавалі на довады адносна таго, што аўтастаянка і пад'язная дарога існавалі на гэтым месцы задоўга да набыцця супольнасцю будынка.
Па словах Луканіна, па дарозе ажыццяўляўся пад'езд да будынка, а аўтастаянка была заасфальтаваная некалькі дзесяцігоддзяў таму, пра што сведчаць захаваныя фрагменты асфальта. Аднак чыноўнікі заяўляюць, што ў супольнасці няма дазволу на будаўніцтва дарогі і аўтастаянкі, а таксама на разбіўку газона для дзіцячай пляцоўкі.
Нагадаем, што з 12 траўня ў Гаспадарчым судзе Менска разглядаецца пазоў сталічнага прыродаахоўнага ведамства супраць «Новага жыцця». Чыноўнікі патрабуюць каля 250 млн рублёў за забруджванне тэрыторыі царквы нафтапрадуктамі.