Генадзь Федыніч: «Гэта проста беззаконне»
8- 14.06.2010, 9:17
Міліцыя не вяртае прафсаюзу РЭП канфіскаваную падчас ператрусаў тэхніку і дакументы.
Актывісты Берасцейскага прадстаўніцтва Беларускага прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і кіраўніцтва арганізацыі вымушаныя хадзіць па інстанцыях, каб вярнуць незаконна канфіскаваную тэхніку, дакументы, друк.
Супрацоўнікі міліцыі заяўляюць, што прафсаюз не можа разлічваць на станоўчае вырашэнне пытання да заканчэння следства па справе супраць руху «Гавары праўду».
- Нас адсылаюць ад аднаго начальніка да другога, які, у сваю чаргу, таксама разводзіць рукамі, - распавяла «Беларускаму партызану» намесніца кіраўніка берасцейскага офіса Аляксандра Худасоўцава. - Мы не можам працаваць. У кампутарах усё - архіў, база дадзеных, інфармацыйныя матэрыялы, пратаколы - усё, што датычыць ўнутранай працы арганізацыі. Але самае абуральнае тое, што яны не аддаюць друк. Мы ўнёскі не можам пералічыць.
Па словах Аляксандры Худасоўцавай, пасля шматлікіх зваротаў ёй атрымалася датэлефанавацца да следчага Юхневіч, якая вядзе справу.
- Яна сказала, што я не адна такая. Пакуль праводзяцца следчыя дзеянні, нікому нічога не аддадуць. Можа быць, сітуацыя праясніцца да канца чэрвеня, - перадала падрабязнасці гутаркі са следчым намесніца кіраўніка берасцейскага офіса.
У прафсаюзе абураныя сітуацыяй, якая склалася.
- Яны парушылі ўсе законы. Сітуацыю, якая склалася, інакш, як беззаконне, я назваць не магу, - заявіў старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч.
Па словах лідэра прафсаюза, ён некалькі разоў гутарыў з прадстаўнікамі праваахоўных органаў, аднак усё дарэмна. Нягледзячы на запэўніванні аб тым, што канфіскаваныя рэчы належаць прафсаюзу і ніякага дачынення да ініцыятывы «Гавары праўду» не маюць, міліцыянты адмаўляюцца іх аддаваць.
- Крымінальная справа заведзеная супраць кампаніі «Гавары праўду», дзейнасць якой не датычыць дзейнасці прафсаюза, - удакладняе кіраўнік прававой службы прафсаюза РЭП Жана Запрыварына. - Таму і ператрус у офісе прафсаюза, і канфіскацыя тэхнікі, дакументаў і друку, якія належаць прафсаюзу, з'яўляецца ўмяшаннем у дзейнасць нашай арганізацыі, што недапушчальна ні па Канстытуцыі, ні па Грамадзянскім Кодэксе. Аднак дзяржаўныя органы ніяк не рэагуюць на гэтыя парушэнні. Пакуль яны займаюцца толькі адпіскамі, перадаручаюць адно аднаму разабрацца, а па сутнасці пытанне застаецца нявырашаным.
Нагадаем, 18 траўня супрацоўнікі міліцыі незаконна адчынілі офіс Берасцейскага прадстаўніцтва прафсаюза РЭП, без запрашэння адказнага супрацоўніка арганізацыі зрабілі ператрус і канфіскавалі тэхніку, дакументы і друк. У пастанове на ператрус было сказана, што дзеянні праводзяцца па крымінальнай справе супраць грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду».
Прафсаюз РЭП накіраваў скаргу ў Генеральную пракуратуру, якая перанакіравала яе намесніку пракурора Берасцейскай вобласці з просьбай разабрацца. З моманту інцыдэнту прайшло 3 тыдні, аднак прафсаюз не можа ні дамагчыся рэакцыі на супрацьпраўныя дзеянні міліцыі, ні вярнуць тэхніку, дакументы, друк, якія належаць яму.