У Літве злачынствы СССР прыраўнялі да нацысцкіх
9- 16.06.2010, 8:47
У законапраекце згадваецца і адказнасць за адмаўленне злачынстваў, здзейсненых у дачыненні да Літвы і яе жыхароў у 1990-1991 гадах.
Сейм Літвы прыняў папраўкі ў крымінальны кодэкс, паводле якіх за ўхваленне савецкай ці нацысцкай акупацыі Літвы і адмаўленне злачынстваў гэтых рэжымаў пагражае штраф, ці турэмнае зняволенне тэрмінам да двух гадоў, паведамляе ru.DELFI.lt.
Пры гэтым у законе пазначана, што прымяншэнне злачынстваў рэжымаў павінна карацца толькі ў выпадку, калі гэта робіцца ў абразлівай форме, суправаджаецца пагрозамі ці спрыяе парушэнню грамадскага парадку. Папраўка набудзе сілу, калі яе ўхваліць прэзідэнт.
Раней, у 2008 годзе, у Літве была уведзеная забарона на публічную дэманстрацыю савецкай і нацысцкай сімволікі.
Як адзначае выданне, увесці пакаранні за адмаўленне савецкай і нацысцкай акупацыяў і апраўданне злачынстваў гэтых рэжымаў літоўскія кансерватары спрабавалі і раней, але гэтыя спробы былі беспаспяховымі.