9 чэрвеня 2026, aўторак, 7:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна аказаць медыцынскую дапамогу Аўтуховічу

4

FIDH і Праваабарончаму цэнтру «Вясна» стала вядома аб пачатку бестэрміновай галадоўкі палітвязня Мікалая Аўтуховіча ў сувязі з адмовай у прадастаўленні яму меддапамогі.

У выніку працяглага (больш за год), утрымання пад вартай у вельмі неспрыяльных для здароўя умовах Мікалай Аўтуховіч пазбавіўся практычна ўсіх зубоў і як вынік - магчымасці нармальнага прыняцця ежы. Нягледзячы на шматразовыя звароты зняволенага да адміністрацыі СІЗА і ў Дэпартамент выканання пакаранняў МУС Беларусі, яму сістэматычна адмаўляюць у доступе да неабходнай медыцынскай дапамогі. Пры гэтым адміністрацыя СІЗА блакуе перадачу зваротаў Мікалая Аўтуховіча ў Дэпартамент выканання пакаранняў МУС.

Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны 16 траўня Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь на 5 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў захоўванні зброі і боепрыпасаў. Першапачаткова Мікалай Аўтуховіч, а таксама Уладзімір Асіпенка, Міхаіл Казлоў і Аляксандр Ларын, абвінавачваліся ў шэрагу цяжкіх злачынстваў, у тым ліку ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту, але ў выніку адкрытага разгляду справы ў судзе былі апраўданыя па большасці прад'яўленых абвінавачванняў. Справа першапачаткова мела гучны грамадскі рэзананс і знаходзілася пад пільнай увагай праваабаронцаў. Следства па гэтай крымінальнай справе, на думку Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) і ПЦ «Вясна», суправаджалася значнымі парушэннямі працэсуальных гарантыяў, відавочна звязаных з палітычнай матывіроўкай.

FIDH і Праваабарончы цэнтр «Вясна» расцэньваюць адмову беларускіх уладаў у прадастаўленні неабходнай медыцынскай дапамогі вязьню Мікалаю Аўтуховічу як бесчалавечнае і жорсткае абыходжанне, парушэнне арт. 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і арт. 7 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

FIDH і Праваабарончы цэнтр «Вясна» патрабуюць ад уладаў Беларусі неадкладна спыніць парушэнне правоў зняволенага Мікалая Аўтуховіча і забяспечыць яго неабходнай медыцынскай дапамогай.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках