На «Гродна Азот» рыхтуюцца да аварыйных сітуацыяў
5- 23.06.2010, 11:54
«Гродна Азот» не выключае магчымасці аварыйнага спынення ў выпадку рэзкага абмежавання паставак газу.
Як паведамілі агенцтву «Інтэрфакс» у кіраўніцтве найбуйнейшага беларускага прамысловага спажыўца прыроднага газу ААТ «Гродна Азот», «на сённяшні дзень мы пакуль атрымліваем прыродны газ у поўным аб'ёме, прадпрыемства працуе ў штатным рэжыме, аднак ўведзены ручны рэжым кантролю за адборам газу ў мэтах яго максімальнай эканоміі».
У той жа час ён падкрэсліў, што «калі газ перакрыюць увогуле ці вельмі моцна ўрэжуць пастаўкі, магчымае аварыйнае спыненне вытворчасці». У першую чаргу такое развіццё сітуацыі магчымае на ўчастках па вытворчасці аміяку, у апошнюю чаргу будуць спыненыя ўчасткі па вытворчасці капралактаму і метанолу, паколькі спажыванне газу ў гэтых тэхналагічных працэсах невялікае і магчымая яго падача ва ўмовах максімальна паніжанага ціску.
У кіраўніцтве «Гродна Азот» таксама заўважылі, што пазапланавае і поўнае спыненне вытворчасці можа прывесці да таго, што на запуск тэхналагічных установак і аднаўленне іх працы ў штатным рэжыме спатрэбіцца дастаткова доўгі час - да 6 сутак.
Між тым, сярэднесутачны аб'ём вытворчасці прадукцыі ў цэлым па прадпрыемстве складае да $ 2 млн. Такім чынам, прадпрыемства, з улікам выдаткаў на спыненне і далейшы запуск абсталявання, панясе істотныя фінансавыя страты.
Беларускае ААТ «Гродна Азот» з'яўляецца найбуйнейшым прамысловым спажыўцом прыроднага газу ў Беларусі, гадавы аб'ём спажывання складае 1,2-1,5 млрд куб.м. Прадпрыемства выкарыстоўвае газ як у якасці асноўнай сыравіны, так і на патрэбы завадской энергетыкі.
Прадпрыемства «Гродна Азот» створанае ў 1963 годзе, у 2002 годзе пераўтворанае ў акцыянернае таварыства. У статутным фондзе 99,96% акцыяў належыць дзяржаве, астатнімі акцыямі валодаюць фізічныя асобы - працаўнікі прадпрыемства. Упраўленне пакетам акцыяў, якія належаць дзяржаве, ажыццяўляе галіновы канцэрн «Белнафтахім».
ААТ «Гродна Азот» з'яўляецца найбуйнейшым у Беларусі вытворцам мінеральных азотных угнаенняў і найбуйнейшым прамысловым спажыўцом прыроднага газу. Асноўнай прадукцыяй з'яўляецца вадкі тэхнічны аміяк, азотныя ўгнаенні, тэхнічны метанол, капралактам і біядызельнае паліва.
Прадпрыемства экспартуе каля 40% прадукцыі, якая выпускаецца, астатні аб'ём рэалізуецца на ўнутраным рынку, што цалкам задавальняе патрэбы Беларусі ў азотных угнаеньнях і сыравіне для нафтахімічнай прамысловасці.
Паводле дадзеных ААТ «Гродна Азот», у 2009 годзе прадпрыемства павялічыла аб'ём вытворчасці таварнай прадукцыі на 15,4% да Br1,38 трлн. Аб'ём вытворчасці мінеральных угнаенняў (у пераліку на 100% дзеючага рэчыва) скараціўся на 0,7% да 667,27 тыс. тон, вытворчасць аміяку вырасла на 5,8% да больш чым 1 млн тон, карбаміду - на 9,8% да 891,6 тыс. тон. У 2009 годзе прадпрыемства выпусціла 247,7 тыс. тон біядызельнага паліва, што ў 2,4 разы больш у параўнанні з 2008 годам.