У Менску зноў стыхійнае бедства - патоп (Фота)
59- 27.06.2010, 2:37
Чарговы лівень, які абрынуўся на цэнтр сталіцы 26 чэрвеня, прадказальна выклікаў транспартны калапс у раёне Нямігі.
Ізноў стаў грамадскі транспарт, глухлі асабістыя аўтамабілі, некаторыя з іх не паспелі выехаць з небяспечнай зоны і на паўкорпуса сышлі пад ваду. Затопленымі апынуліся і шмат якія іншыя нізінныя ўчасткі дарогаў сталіцы.
На Нямізе затрымалася чатыры тралейбусы, пасажыраў якіх з воднага палону вызвалялі супрацоўнікі МНС. На спецыяльных лодках, а то і проста на руках у выратавальнікаў на сушу былі перавезеныя 53 чалавекі, паведамляе БелаПАН.
Асабісты аўтатранспарт выцягвалі эвакуатарамі. Тым кіроўцам, хто пазбег «вялікай вады», прыйшлося пахвалявацца з іншай прычыны — нядоўгі, але інтэнсіўны лівень суправаджаўся моцным градам, што зусім не характэрна для гэтай пары года.
Грамадскі транспарт у Менску стаў фактычна на тры гадзіны, што, улічваючы характар прыроднай стыхіі і традыцыйныя праблемы з ліўневай каналізацыяй, цалкам можна назваць прымальным «вынікам».
Як паведамляе СТВ, з пачаткам ліўня ў Менску актывізаваўся план «Пасейдон», распрацаваны гарадскімі ўладамі якраз для такіх выпадкаў. Як толькі лівень стаў набіраць магутнасць, да месцаў падтаплення адправілі тэхніку МНС і камунальных службаў.
«Прыцягнулі тэхніку: пажарныя помпавыя станцыі, аўтамабільныя цыстэрны, аўтамабілі з мабільныя групамі выратавання на вадах», — распавёў старэйшы аператыўны дзяжурны МНС Ігар Міхайлёў.
На ўсіх праблемных кропках асабіста пабываў мэр Менска Мікалай Ладуцька. Паводле яго словаў, у перспектыве праблема «вялікай вады» з горада сыдзе — як толькі будзе завернашае будаўніцтва новай калектарнай сістэмы.
Нагадаем, што будаўніцтва ліўневага калектара «Цэнтр» у Менску, па планах уладаў, будзе завершанае да 2018 года...










Фота - Bymedia.net




Фота: Аляксандр Корсакаў, Антон Маталько, TUT.by