9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладальнікаў затопленых крамаў і кавярняў могуць пакараць

36

Іх абвінавачваюць у невыкананні прадпісання МНС па папярэджанні выпадкаў падтаплення падчас моцных дажджоў.

Даручэнне прааналізаваць выкананне прадпісанняў МНС і прыцягнуць да адказнасці даў адміністрацыям раёнаў сталіцы старшыня Менгарвыканкама Мікалай Ладуцька сёння на аператыўнай нарадзе ў мэрыі, паведамляе БелТА.

Выканаўца абавязкаў начальніка Менскага гарадскога ўпраўлення МНС Руслан Ліхоманаў інфармаваў, што 26 чэрвеня ў Менску прайшоў моцны лівень. За дзве гадзіны выпала 8 мм ападкаў, ці 10% месячнай нормы. Падтопленыя былі 20 участкаў праезжай часткі і 20 аб'ектаў з масавым знаходжаннем людзей. Прыпыняўся рух 34 маршрутаў грамадскага транспарта. Часова зачыняліся станцыі метро «Няміга» і «Партызанская». Выратаваныя і эвакуяваныя 53 чалавекі. Для ліквідацыі наступстваў стыхіі ў Менску быў уведзены план аператыўнага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі, задзейнічаныя 43 адзінкі тэхнікі, прыцягнутыя больш за 100 працаўнікоў МНС, ДАІ, ДПА «Гаррэмаўтадар», ЖКГ і іншых. Разам з тым Руслан Ліхаманаў адзначыў, што наступствы стыхіі былі кратна меншыя за леташнюю: 24 ліпеня 2009 года ў сталіцы было падтоплена 77 участкаў і 64 аб'екты, выратаваныя і эвакуяваныя 546 чалавекі.

«У мінулую суботу службы горада спрацавалі паводле плану рэагавання на надзвычайныя сітуацыі. Загадзя было атрыманае штармавое папярэджанне, абвешчаны сігнал «Пасейдон», - сказаў прадстаўнік сталічнага ўпраўлення МНС. Гэта дазволіла мінімізаваць наступствы, пазбегнуць гібелі і траўміравання людзей. У найбліжэйшыя дні ў сталіцы пройдзе камандна-штабная трэніроўка і вучэнні службаў горада, падчас якіх будзе дадзеная ацэнка дзеянням усіх службаў. Паводле ацэнкі Руслана Ліхаманава, 26 чэрвеня службы горада спрацавалі адэкватна становішчу, якое складвалася.

Закранаючы выкананне прадпісанняў МНС, выдадзеных суб'ектам гаспадарання ў мінулым годзе пасля моцнага ліўня (нарыхтаваць мяшкі з пяском, падвысіць парогі), Руслан Ліхаманаў адзначыў, што ў большасці выпадкаў рэкамендацыі МНС не выкананыя. Мікалай Ладуцька, звяртаючыся да Руслана Ліхаманава, сказаў: «Ёсць закон аб мясцовым самакіраванні, і вы валодаеце правам голасу. Калі выпісалі прадпісанне, дык адсочвайце яго выкананне». Гаворка ідзе пра чалавечае жыццё, і нашая задача падрыхтавацца і апярэдзіць падобныя факты, падкрэсліў мэр Менска і распарадзіўся зрабіць дэталёвы аналіз сітуацыі, якая склалася 26 чэрвеня, і выпрацаваць дадатковы комплекс мераў у адпаведнасці з планам аператыўнага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках