9 чэрвеня 2026, aўторак, 20:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бізнэсмэнаў папрасілі «стукаць» на чыноўнікаў

21

Генеральная пракуратура звярнулася да бізнэс-супольнасці з просьбай актывізавацца ў барацьбе з карупцыяй.

Адпаведны ліст быў накіравана ў Рэспубліканскую канфедэрацыю прадпрымальніцтва, пішуць «Беларускія навіны».

Як кажацца ў лісце, «у цяперашні час рыхтуюцца змены і дадаткі ў закон «Аб барацьбе з карупцыяй». Генпракуратура просіць РКП «актывізаваць у межах дадзеных паўнамоцтваў свой удзел у барацьбе з карупцыяй», а таксама ініцыюе «падпісанне пагаднення паміж канфедэрацыяй і іншымі грамадскімі аб'яднаннямі аб прыняцці мераў, якія прывядуць да адмовы прадпрымальнікаў удзельнічаць у карупцыйных схемах».

Як лічаць у Генпракуратуры, у Беларусі надаецца значная ўвага стварэнню эфектыўных механізмаў супрацьдзеяння карупцыі. «Калі ў 2008 годзе колькасць выяўленых злачынстваў, звязаных з карупцыяй, складала 2735, дык у 2009 годзе — 3366. Да крымінальнай адказнасці прыцягнута 1542 і 1746 асобаў адпаведна. Такая ж тэндэнцыя адзначаная і сёлета. За 4 месяцы 2010 года зарэгістравана 1511 карупцыйных злачынстваў — на 280 больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года».

Прадстаўнікі бізнэсу прытрымваюцца іншага меркавання, згодна з якім чыноўнікі пастаўленыя ў такія ўмовы, якія даюць ім магчымасць здзяйсняць карупцыйныя злачынствы. Да таго часу, пакуль гэтыя ўмовы будуць існаваць, барацьба з карупцыяй не прынясе па-сутнасці дзейснага эфекту.

Як адзначае віцэ-старшыня Менскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Андрэй Карпунін, у першую чаргу гэта датычыць сістэмы пакарання. «У заканадаўстве штрафы і пакаранні прапісаныя «відэльцам», напрыклад, ад 1 да 50 базавых велічыняў. Гэта аўтаматычна мяркуе, што чыноўнік павінен прыняць рашэнне па памеры пакарання самастойна. Гэта значыць у яго ёсць магчымасць выкарыстоўваць сваё службовае становішча з фінансавай выгадай для сябе».

Па словах Карпуніна, былі спробы стварэння камісіяў для разгляду справаў па штрафах, але гэты механізм неэфектыўныя. «Трэба дакладна прапісаць, за гэта — такі штраф, за гэта — такі. Гэта будзе вялікім ударам па хабарніцтве і карупцыі».

Бізнэс-супольнасць, як адзначае эксперт, таксама заўсёды звяртала ўвагу на празмерную колькасць дазваленча-узгадняльных працэдураў, выдача якіх выбудаваная па суб'ектыўным фактары. «Чыноўнік хоча — узгодніць, хоча — не ўзгодніць. Магчыма, у Менску гэта не так адчувальна. Між тым у рэгіёнах, невялікіх гарадах даходзіць да адкрытага вымагальніцтва».

З-за чынавенскай самаўпраўнасці ў бізнэса, напрыклад, часта ўзнікаюць складанасці з узгадненнем асартыментнага пераліку прадукцыі для гандлёвага аб'екта. «Захочуць — дазволяць гандляваць тытунёвымі вырабамі і спіртнымі напоямі, ці не захочуць. Могуць дазволіць гандляваць рыбай, але не дазволіць гандляваць мясам, таму што побач з гандлёвай кропкай — крама мясцовага мясакамбіната, якому нельга ствараць канкурэнцыю».

Нават адкрыццё рэкламнай газеты, а гэта працоўныя месцы і фактар пэўнага ўплыву на развіццё эканомікі рэгіёна, можа быць заблакаванае, «бо чыноўнік не бачыць мэтазгоднасці стварэння такой газеты». «Але не ўлада павінна вырашаць, мэтазгодна ці не прадпрымальніку рызыкаваць і ўкладваць сродкі ў новы від прадукцыі», — перакананы Карпунін.

Генпракуратура ў якасці механізму барацьбы з чынавенскім беззаконнем прапануе бізнэсу інфармаваць адпаведныя органы аб фактах карупцыі. Карпунін, лічыць, што гэта неадназначнае выйсце з сітуацыі.

Паводле яго словаў, калі гэта ананімка, дык яна можа быць адпраўленая як па рэальным карупцыйным факце, так і ў сувязі з жаданнем проста адпомсціць прыстойнаму чыноўніку. «Калі прадпрымальнік адкрыта заяўляе аб факце праяўлення карупцыі, дык для яго развіццё падзеяў можа мець як станоўчы, так і адмоўны працяг. Так, атрымліваецца перамагчы аднаго канкрэтнага чыноўніка. Але чыноўнік — гэта вінцік велізарнай вялікай сістэмы дзяржкіравання. І калі дзяржкіраванне хоча хадзіць у чыстым мундзіры, яно будзе рабіць усе высілкі, каб мінімізаваць негатыўныя наступствы аднаго чыноўніка, які зарваўся. Будзе дзейнічаць употай, каб астатнім было не панадна паведамляць».

Старшыня РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка перакананы, што прадпрымальнікі не будуць паведамляць аб фактах хабараў. «Даказаць такія факты складана. Да таго ж бізнэс не будзе сам сабе падразаць крылы». Ён падкрэслівае, што ў чыноўнікаў шмат свабоды ў плане налічэння штрафных санкцыяў. І ў такіх сітуацыях хабар — гэта магчымасць працаваць. «Чыноўнік можа даць штраф у 100 млн. рублёў ці 50 млн. рублёў. Гэта розніца будзе каштаваць бізнэсмэну магчымасці працягваць працаваць і ўтрымліваць сям'ю».

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках