Дэпутата Сейма Польшчы не ўпусцілі ў Беларусь
7- 11.07.2010, 14:54
Роберт Тышкевіч накіроўваўся ў Беларусь у складзе дэлегацыі на запрашэнне непрызнанага ўладамі Саюза палякаў.
На памежным пераходзе ў Брузгах беларускія мытнікі адмовілі яму ва ўездзе на тэрыторыю Беларусі, заявіўшы, што ён з'яўляецца персонай нон-грата. Пра гэта паведаміў актывіст Саюза палякаў Анджэй Пачобут.
Роберт Тышкевіч з'яўляецца намеснікам старшыні камісіі Сейма Польшчы па замежных справах. У складзе дэлегацыі ён накіроўваўся ў Гародню для таго, каб прыняць удзел у акцыі, прысвечанай чарговай гадавіне аперацыі «Вострая Брама» (аперацыя Арміі Краёвай па вызваленні ад немцаў Вільні). Гэтая акцыя штогод праводзіцца непрызнаным беларускімі ўладамі Саюзам палякаў Беларусі.
Тышкевіч заўсёды актыўна супрацоўнічаў з беларускай апазіцыяй і заклікаў улады Польшчы аказваць падтрымку беларускім дэмакратам. Раней Роберта Тышкевіча, як і іншых польскіх палітыкаў, ужо не ўпускалі ў Беларусь.
Нагадаем, што паміж уладамі Польшчы і Беларусі шмат гадоў доўжыцца канфлікт з-за парушэння правоў беларускіх палякаў. Раскол у Саюзе палякаў Беларусі адбыўся ў 2005 годзе. З таго часу у краіне фактычна існуе два Саюзы палякаў — афіцыйны, зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі Беларусі, і неафіцыйны, які падтрымліваюць улады Польшчы і які церпіць рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў.