Нават калі на заводзе +40 — працоўны дзень не скарачаюць
41- 22.07.2010, 10:36
Гэта не прадугледжана працоўным заканадаўствам, а санітарныя нормы носяць толькі рэкамендацыйны характар.
Калі адным у спякотныя дні проста не хочацца працаваць, дык іншыя насілу выконваюць свае абавязкі з-за тэмпературы на працоўных месцах. Як вядома, існуюць санітарныя нормы, якія абмяжоўваюць час працы пры неспрыяльных тэмпературах. Так, па словах загадчыка аддзялення гігіены працы Рэспубліканскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Аляксандра Ракевіча, працаўнікі ў залежнасці ад асаблівасцяў працы падзяляюцца на некалькі групаў. І для кожнай з іх ёсць нормы па ўмовах працы, перадае Еўрарадыё.
Аляксандр Ракевіч: «Напрыклад, пры тэмпературы на працоўным месцы 30 градусаў час знаходжання на працоўным месцы «лёгкай катэгорыі 1А і 1Б — 5 гадзінаў, сярэдняй — 3 гадзіны, цяжкой — 2 гадзіны».
У катэгорыю 1А трапляюць тыя працоўныя, якія «выконваюць працу седзячы з невялікім фізічным напружаннем». Прадстаўнікі катэгорыі 1Б працуюць «седзячы ці стоячы, ходзяць крыху, і праца суправаджаецца нейкім фізічным напружаннем». Другая катэгорыя «ходзіць з пераносам цяжараў», а праца трэцяй «звязаная з пераносам цяжараў, звыш за 10 кілаграмаў, і патрабуе вялікіх фізічных высілкаў».
Але як распавёў Еўрарадыё супрацоўнік полацкага «Шкловалакна» Мікалай Шарах, на іх прадпрыемстве некаторыя вымушаныя працаваць пры тэмпературы ў 40 градусаў. І ніякага скарачэння часу працы ў іх няма.
Мікалай Шарах: «Ёсць працоўныя месцы, дзе тэмпература не вышэй за тую, што на вуліцы, — каля 30. А ёсць і да 40, ёсць і вышэй».
І ўсё, кажа, што зрабіла адміністрацыя, каб палепшыць умовы працы, — выдае працоўным кожны дзень па паўлітры мінеральнай вады. Працоўныя, кажа Мікалай Шарах, разумеюць, што вытворчасць на іх прадпрыемстве спыніць немагчыма. Але яны рыхтуюць зварот у адміністрацыю з патрабаваннем кампенсацыі за ўмовы працы.
Мікалай Шарах: «Мы лічым, што павінны быць зніжаныя нормы выпрацоўкі на тых месцах, дзе тэмпература вышэй за норму. Прынамсі, у гэтым месяцы, калі тэмпература амаль кожны дзень перавышала дазволеную па санітарных нормах, і людзі вялікую частку працоўнага часу знаходзіліся ў такіх умовах. Людзі павінны атрымаць нейкую матэрыяльную кампенсацыю».
Ці пойдзе адміністрацыя ім насустрач, супрацоўнік «Шкловалокна» меркаваць не ўзяўся.
Горача і ў цэхах прадпрыемства «Лёс», які вырабляе тавары народнага спажывання. Але там, кажа працоўны Васіль Леўчанкаў, не тое што мінеральнай вады не даюць — звычайнай вадаправоднай няма. І звароты ў адміністрацыю не дапамагаюць.
Васіль Леўчанкаў: «Я ім ужо кажу, што яны дачакаюцца, калі да іх у кабінеты прыйдуць працоўныя з мантыроўкамі ў руках. Толькі тады яны штосьці можа будуць рабіць. Бо гэта немагчыма: яны павінны паставіць у цэхах прыстасаванне з газаванай вадой, але на некаторых участках няма нават вадаправоднай вады! Трэба паставіць больш моцную вентыляцыю. Кажуць: «Зробім». Няма. І гэтак далей».
Праблема ў тым, што стаўленне да спякоты на працоўным месцы ў працоўных і адміністрацыі — рознае. Да прыкладу, дырэктар па вытворчасці МТЗ Аляксандр Баркун кажа, што ў іх заводзе з тэмпературай усё ў парадку.
Аляксандр Баркун: «У нас тэмпература паветра нармальная на нашым прадпрыемстве».
І ніякіх прэтэнзіяў, кажа, працоўныя з гэтай нагоды не выказваюць. Хоць у гутарцы «не пад запіс» супрацоўнікі МТЗ агучвалі абсалютна супрацьлеглае меркаванне на гэты конт.
А прадстаўніца адміністрацыі металургічнага завода наогул выказала падазрэнне, што іх кіраўніцтва не ведае пра існаванне такіх санітарных нормаў.
Супрацоўніца металургічнага завода: «Мы працуем, як і раней. І я не магу вам адказаць, ці ведае кіраўніцтва заводу, ці ёсць у іх такія нормы санітарныя. Не магу адказаць вам».
Чаму на прадпрыемствах не выконваюцца нарматывы санстанцыі па абмежаванні працы пры неспрыяльных тэмпературах, Еўрарадыё спытала ў намесніка дырэктара Дэпартамента па працы Мінпрацы Ірыны Шыляевай.
Ірына Шыляева: «У нас нічога, звязанага з тэмпературным рэжымам, у заканадаўстве няма. Менавіта ў працоўным заканадаўстве. У частцы скарачэння працоўнага часу».
І выказала меркаванне, што калі такія нормы ёсць у санстанцыі, дык ад іх і павінна зыходзіць ініцыятыва: яны павінны наведваць прадпрыемствы, вывучаць умовы працы і выносіць прадпісанні пра скарачэнне працоўнага дня ці даваць іншыя рэкамендацыі па паляпшэнні ўмоваў.
Загадчык аддзялення гігіены працы Аляксандр Ракевіч прызнаў, што ў апошні час да іх часта звяртаюцца прадстаўнікі працоўных калектываў са скаргамі на ўмовы працы. Але справа ў тым, што гэтыя санітарныя нормы — рэкамендацыйныя і не абавязковыя для выканання.
Аляксандр Ракевіч: «Так, мы кажам, што пры тэмпературы вышэй за 31 градус працаваць можна 2,5 гадзіны для «лёгкай» катэгорыі і 1 гадзіну — для «сярэдняй». А працоўнае заканадаўства кажа, што 7 гадзінаў трэба працаваць. Нельга табель у графік паставіць адзін, а плаціць па іншым. Рабі перапынкі, пачынай раней, перанось. Забяспеч экранамі, кандыцыянерамі, вентылятарамі, праветрыванне».
Санітарныя ўрачы, па словах Ракевіча, наведваюць прадпрыемствы і праводзяць праверкі. Але яны могуць толькі вынесці прадпісанне. Да прыкладу, паставіць кандыцыянеры ў цэхе. І толькі калі прадпісанне не будзе выкананае, могуць скласці на кіраўніцтва пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Старшыня Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук распавёў Еўрарадыё, што зараз яны праводзяць маніторынг умоваў працы ў спякоту на вытворчасці. І збіраюцца перадаваць яго разам з патрабаваннямі аб прыняцці адпаведных мераў у Мінпрацы і Саўмін. Але ці будзе з гэтага вынік, ён прадказаць не бярэцца.