Камерунскі футбаліст: Пасля 40 дзён на Акрэсціна я хацеў сябе забіць
110- 23.07.2010, 9:28
Гі Франсуа Тукам у інтэрв’ю Еўрарадыё распавёў пра ўмовы зняволення ў менскім ізалятары, пра пабоі, турэмную ежу, расісцкія жарты сукамернікаў.
За паўтары месяцы "адпачынку" на Акрэсціна яму давялося заплаціць 250 даляраў.
28-гадовы Гі Франсуа Тукам (Guy François Toukam)— камерунскі варатар, які жыве ў Еўропе і мае від на жыхарства ў Гішпаніі. 1 чэрвеня ён прыляцеў у Менск, каб згуляць за нарвежскі футбольны клуб IOF, на гульню Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў па футзале. Аднак у аэрапорце яго затрымалі з-за падазрэння ў падробцы пашпарту.
44 дні прайшлі, пакуль беларускія службы пераканаліся: і камерунскі пашпарт, і гішпанскі від на жыхарства Гі Франсуа Тукама — сапраўдныя. Увесь гэты час камерунец правёў у прыёмніку-размеркавальніку на Акрэсціна.
Тыдзень таму ён, схуднелы, у язвах і драпінах ад беларускіх нараў, прыляцеў дадому ў Гішпанію. Там яго сустрэла каханая Інмакулада Гансалес (Inmaculada González García), якая ўвесь час змагалася за правы свайго жаніха. Еўрарадыё датэлефанавалася ім дадому.
Еўрарадыё: Віншуем з заканчэннем непрыемнай гісторыі і вяртаннем дадому! Як пачуваецеся і ці здолелі вы ўзнавіць сваё здароўе за тыдзень, што прайшоў са дня вызвалення?
Гі Франсуа Тукам: Паціху ўзнаўляюся. Сёння адчуваю сябе добра, бо знаходжуся ў краіне, якая паважае правы чалавека. Тут усё спакойна, без праблемаў.
Як пачыналася гісторыя з затрыманнем?
Я грамадзянін Камеруна, але жыву ў Гішпаніі, маю тут від на жыхарства. Ехаў з сябрамі з Нарвегіі гуляць у Менску ў футбол. Жанчына-пашпартыстка ў аэрапорце паглядзела на маё фота ў пашпарце і кажа: гэта не твой здымак, твайго брата. Я паказаў сваё пасведчанне аб гішпанскім відзе на жыхарства. Кажу: калі я маю еўрапейскае пасведчанне, як я мог узяць пашпарт брата, каб прыляцець сюды?
Пачаліся разбіральніцтвы, кажуць: падымаемся наверх! Потым сказалі, быццам дакументы несапраўдныя. Я спрабаваў патлумачыць па-ангельску, але мяне не разумелі. Ці рабілі выгляд, што не разумелі. Можа, хацелі грошы ад мяне.
Ці адбыўся суд? Ці далі вам перакладчыка, адваката?
Ніякага суду не было! Адна жанчына задала мне пару пытанняў па-ангельску на чацвёрты дзень утрымання ў аэрапорце. Тады адразу яны павялі мяне ў машыну і павезлі туды, дзе я і правёў увесь гэты час. Я кажу: дайце мне адваката, я хачу бачыць сваю справу! Мне адказалі: ніякага адваката няма, заткніся і пайшлі!
Тады праз пару тыдняў зняволення мяне праз перакладчыка спыталі, ці маю я грошы, каб аплаціць сваё зняволенне. Кажуць, ты павінен 250 даляраў. Сказалі: тэлефануй сваёй дзяўчыне, кажы, каб пераслала. У выніку яна пераслала гэтыя грошы і грошы за білет на самалёт, іх заплаціў консул Гішпаніі.
Раскажыце пра ўмовы зняволення на Акрэсціна.
Да людзей там абсалютна ніякай павагі. Замежнікі не маюць ніякіх правоў. Нават злачынцы маюць права прымаць душ, тэлефанаваць. Душ можна толькі раз на тыдзень і толькі калі просіш-патрабуеш. Я 44 дні правёў без прагулак. У мяне забралі ўсе асабістыя рэчы. Ложкаў няма, спяць на драўлянай лаве.
Замежнікі сядзяць там не асобна, а разам з бамжамі і вар'ятамі, усе разам. Сярод зняволеных ёсць відавочна хворыя людзі. Некаторыя людзі так праводзяць у зняволенні па 7-8 месяцаў, і калі іх адпускаюць на вуліцу, яны проста не могуць хадзіць!
Чым вас кармілі ў турме і колькі разоў?
Ежа, якую там даюць, зусім не прыдатная для людзей. Тое, што завецца супам, — гэта проста салёная вада з чымсьці, я не ведаю, як называецца. Кідаюць лыжку ў талерку — і ўсё! Даюць яшчэ скібу белага хлеба. Я каля 40 дзён піў толькі гарбату і еў скрынку белага хлеба. Ваду даюць не пітную, маецца толькі вадаправодная вада дрэннай якасці. За час зняволення я згубіў амаль 20 кілаграмаў [ранейшыя паведамленні СМІ пра страчаныя 40 кілаграмаў з'явіліся ў выніку непаразумення, адзначылі Франсуа Тукам і Інмакулада Гансалес — заўвага Еўрарадыё]
Ці дазвалялі тэлефанаваць дадому, атрымліваць лісты ад блізкіх?
Не. Беларускія праваабаронцы неяк перадалі мне пакунак з некаторымі рэчамі (мыла, кніга...), але ліст ад дзяўчыны не прапусцілі. Толькі калі я выйшаў на волю, сядаючы ў самалёт, прачытаў яго.
Як да вас ставіліся наглядчыкі?
Вельмі часта пагражалі! На 37-ы дзень знвяолення я адмовіўся ад ежы і пітва, праз пару дзён запатрабаваў урача. Тады два наглядчыкі мяне збілі. Я спрабаваў у іх запытацца, за што мяне трымаюць у такіх умовах.
Я хацеў сказаць ім: глядзіце, я ж не злачынца, нікога не забіў, не абрабаваў, не прадаваў наркотыкі, не прыехаў сюды жыць! Я замежнік, да мяне трэба нармальна ставіцца, размясціць у цэнтры для імігрантаў. Яны сказалі: ідзі ....!
Яны не зразумелі, што я ім хацеў сказаць, пачалі лаяцца. Сказалі не выступаць, а то справа зменіцца ў яшчэ горшы бок.
Хто з вамі сядзеў у камеры і якія ў вас былі стасункі?
Нас было дзевяць чалавек — з Украіны, Расеі. Кожны дзень расісцкія штучкі, увесь час пагражалі мне. Мне пашанцавала, што быў яшчэ хлопец з Малдовы, які размаўляў па-ангельску. Ён дапамагаў мне размаўляць з наглядчыкамі. А калі ён выйшаў, дык не размаўляў з імі зусім — яны замежныя мовы не разумеюць. Паказваў жэстамі.
Правёўшы амаль паўтары месяцы ў ізаляцыі ў чужой краіне, без прававой дапамогі, асабістых рэчаў і камунікацыі з сябрамі — пра што думалася?
Я ўжо пачаў думаць, што маё жыццё скончылася. Пасля 40 дзён зняволення з'явіліся думкі забіць сябе.
Ці паедзеце ў Беларусь яшчэ раз, скажам, на футбольную гульню?
Не, ні ў Беларусь, ні ў Расею, ні ва Украіну. Пры ўсёй павазе да краіны, але маючы такі дрэнны досвед... Перадаю вялікую падзяку беларускім праваабаронцам, якія дапамагалі мне, даставілі мне мыла, ваду, кнігу, некаторыя іншыя рэчы! Заклікаю іх не спыняцца, змагацца далей! Бо там ёсць людзі, якія літаральна паміраюць! Пасля правядзення паўгода ў такім зняволенні, яны ледзь могуць хадзіць: губляецца сіла, зрок...