9 чэрвеня 2026, aўторак, 12:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка пройдзе перадпродажную падрыхтоўку

93
Лукашэнка пройдзе перадпродажную падрыхтоўку

Каб паправіць імідж, беларускі дыктатар ізноў наняў лорда.

Днямі беларусам прэзэнтавалі чарговага выратавальніка рэпутацыі краіны. Выратавальнік носіць гучнае імя — лорд Пітэр Селвін Гамер Чадлінгтон, кіраўнік брытанскага піяр-холдынгу «Хантсуорт». Выратавальнік з'явіўся беларускім тэлегледачам усіх каналаў і паведаміў, што дапаможа беларускаму ўраду, які прасіў пасадзейнічаць у правядзенні прыватызацыі прадпрыемстваў. Гэта значыць — «прадаць» на Захадзе Беларусь як рай для інвестараў, а забітыя прадпрыемствы — як страшэнна перспектыўныя, піша «Новая Газета».

Высветлілася, ён зусім не зваліўся з неба ва ўрадавыя калідоры, а даўно ўжо адгукнуўся на просьбу аб дапамозе, прааналізаваў праграму беларускай прыватызацыі і зараз вось ужо дакладна ведае, што рабіць.

Чадлінгтон — ужо другі лорд-піяршчык, якога наймае Лукашэнка. Папярэдні лукашэнкафіл лорд Цімаці Бэл, кіраўнік Bell Pottinger Group, займаўся зменай іміджу Лукашэнкі на Захадзе цэлы год, спрабуючы зняць з яго вызначэнне «апошні дыктатар Еўропы» і замяніць яго хаця б «перадапошнім дыктатарам», а то і «не самым апошнім дыктатарам». Праз год кантракт быў скасаваны.

Першага лорда Аляксандру Лукашэнку ў свой час парэкамендаваў Барыс Беразоўскі. Ён некалькі разоў публічна казаў: «Мой сябра Цім Бэл зможа палепшыць імідж Беларусі на Захадзе!». Бэл сумленна прызнаўся, што на кантракце з Лукашэнкам заробіць мільёны, не назваўшы, праўда, дакладную лічбу. Але ў тым, што «мільёны» будуць сапраўды ў множным ліку, ніхто не сумняваўся. Па якім артыкуле дзяржаўнага бюджэту праходзілі выдаткі на лорда, народу не паведамілі.

Заключыўшы кантракт улетку 2008 года, за некалькі месяцаў да парламенцкіх выбараў, лорд Бэл аптымістычна заявіў: «Першачарговае пытанне — парламенцкія выбары. Трэба, каб міжнародная супольнасць прызнала іх сумленнымі і справядлівымі». Выбары прайшлі, міжнародная супольнасць прызнала іх жульніцкімі, а вынікі — нелегітымнымі. Тады лорд Бэл паабяцаў Аляксандру Лукашэнку: «Я табе натоўп заходніх журналістаў дашлю, засвецішся ў самых уплывовых газетах!». Абяцанне, трэба сказаць, выканаў: у Менск сапраўды прыехаў на інтэрв'ю з Лукашэнкам карэспандэнт Financial Times. Але артыкул выйшаў пад загалоўкам «Апошні дыктатар Еўропы паміж Усходам і Захадам». І напісана там было ўсё тое ж, што пісалі іншыя заходнія журналісты, з лордам Бэлам зусім незнаёмыя. І амаль тое ж, што нядаўна паказвалі па НТВ у фільме «Хросны бацька».

Потым лорд Бэл рассылаў па еўрапейскіх выданнях прэс-рэлізы, у якіх было напісана, да прыкладу, што новы беларускі закон аб СМІ «спыняе цэнзуру, і поўныя жыцця свабодныя СМІ забяспечаць дэмакратычныя правы народа Беларусі». Калі ўлічыць, што пра новы закон атрымальнікі прэс-рэлізаў ужо паспелі напісаць (пра тое, напрыклад, як пры практычна поўнай адсутнасці незалежных медыя ў Беларусі новы закон знішчае яшчэ і інтэрнэт-прастору), — лордаўская рассылка выклікала ў іх выключна дасведчаны смех: бабкі адпрацоўвае, вось і нясе ахінею. Гэта ўсё адно, што атрымаць прэс-рэліз з інфармацыяй пра тое, што поўнае жыцці пладова-ягаднае віно «Крыжачок» забяспечыць лёгкасць у думках і радасць ранішняга абуджэння народа Беларусі.

Апошняе, пра што марыў лорд Бэл, — гэта выляпіць на Захадзе з Лукашэнкі вялікага сябра габрэйскага народа. «Усе людзі думаюць, што вы антысеміты. Гэта зусім не так, у вас вельмі цесныя стасункі з Ізраілем. Вы зусім не антысеміты», — казаў лорд Бэл яшчэ ў якасці нанятага піяршчыка ў інтэрв'ю «Белгазеце». «Вы» ён, вядома, казаў зусім не пра калектыў газеты і нават не пра беларускі народ, а пра Аляксандра Лукашэнку па прынцыпе «дзяржава — гэта ён». Але вось наконт цесных стасункаў з Ізраілем — калі лорд меў на ўвазе, што «там на чвэрць былы наш народ», дык ён, вядома, мае рацыю. А вось наконт цесных дзяржаўных стасункаў — тут ужо, прабачце, брахня. Пасля шматлікіх выказванняў Лукашэнкі (прыклад: «Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад? Страшна было зайсці, свінушнік быў. Гэта ў асноўным габрэйскі быў горад, вы ведаеце, як габрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць?») лідэры Ізраілю заклікалі ўвесь свет на барацьбу з новым антысемітызмам. І мелі на ўвазе яны зусім не бэн Ладэна. Так што ўбачыць у Лукашэнку талерантнага мілёнка можа толькі слепаглуханямы капітан далёкага плавання. А іх у свеце занадта мала, і праект ізноў праваліўся.

Карацей, мінулым летам лорда Бэла з Беларусі выгналі ў карак. Акурат было ўзрадавацца ўрачам і выхавацелям дзіцячых садкоў — можа, зараз бюджэтныя грошы перастануць расходавацца на чужаземных лордаў? Але не здарылася. Новы лорд Чадлінгтан мае намер угняздзіцца на месцы папярэдніка сур'езна. Праўда, ён не паўтарае памылак лорда Бэла і не дэкларуе, што ўжо заўтра Аляксандр Лукашэнка будзе прыняты Яе Вялікасцю і ўганараваны тытулам пэра. Ён сціпла кажа пра тое, што ўсяго толькі дапаможа дзяржаве правесці прыватызацыю. Гэта значыць будзе хлусіць Еўропе, што цяперашняя Беларусь вельмі прывабная для заходніх інвестараў, а дэмакрат, ліберал і вялікі сябра дзетак Лукашэнка з'яўляецца найлепшым у свеце гарантам захаванасці інвестыцыяў. І ніхто ніколі не прымусіць інвестара будаваць за свае грошы лядовыя палацы і фінансаваць у абавязковым парадку калгасы.

Зрэшты, я веру, што гэта ненадоўга. Лорд Чадлінгтан знакаміты тым, што ў 1997 годзе быў з трэскам звольнены з пасады дырэктара Брытанскай каралеўскай оперы за некампетэнтнасць, таму што ўсяго за два гады давёў яе да банкруцтва. Нават пры фінансавай падтрымцы ўрада вядучы тэатр пад чулым кіраўніцтвам лорда Чадлінгтана разарыўся. Так што сардэчна запрашаем у Беларусь, мілорд! У нас яшчэ засталося — спецыяльна для вас — некалькі прадпрыемстваў, якія не паспелі разарыцца.

Напісаць каментар 93

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках