Вікторыя Азаранка зарабіла больш за Марыю Шарапаву
6- 26.07.2010, 8:36
Першая ракетка Беларусі Вікторыя Азаранка на корце (а не за яго межамі) зарабіла ў два разы больш, чым Шарапава.
Па версіі часопіса Sports Illustrated, самым высокааплатным спартсменам за межамі ЗША з'яўляецца тэнісіст Роджэр Федэрэр. Менавіта ён узначальвае спіс 2010 Fortunate 20, апублікаваны выданнем. Прыбытак Роджэра склаў $ 61,8 млн. А самай высокааплатнай спартсменкай свету названая Марыя Шарапава, якая таксама мае непасрэднае дачыненне да тэнісу. Расейка з прыбыткам у $ 20 млн стала адзінай прадстаўніцай слабага полу ў спісе.
Такім чынам, тэніс пацвердзіў сваю рэпутацыю аднаго з самых высокапрыбытковых відаў спорту. Партал interfax.by задаўся пытаннем - а ці змогуць калі-небудзь беларускія тэнісісты наблізіцца да шматмільённых ганарараў?
Безумоўна, ільвіную долю прыбыткаў Федэрэр і Шарапава зарабілі не эйсамі і абваднымі ўдарамі, а на рэкламных кантрактах. Так, знакаміты швейцарац на ўсіх турнірах 2010 года, у якіх ён удзельнічаў, па стане на 19 ліпеня зарабіў толькі $ 2,9 млн. Зрэшты, як аказалася, усе беларускія тэнісісты разам узятыя і блізка не стаялі ля гэтай сумы.
Лідэрам па заробках па-ранейшаму застаецца Максім Мірны, з якім ужо больш за паўтара дзясятка гадоў асацыіруецца беларускі тэніс. Нават нягледзячы на тое, што Макс ужо даўно не выступае ў адзіночцы, а сканцэнтраваўся на парным разрадзе (у якім прызавы фонд значна ніжэй, ды яшчэ і дзяліцца з напарнікам трэба), Мірны, які займае 11-е месца ў парным рэйтынгу, з пачатку года зарабіў $ 133 тыс.
Астатнія беларускія гульцы адсталі значна. Галоўная надзея беларускага тэніса Уладзімір Ігнацік, якія размясціўся на 189-м радку рэйтынгу АТР, пакуль больш прайграе, чым цешыць перамогамі. З пачатку года ў турнірах серыі АТР ён згуляў 4 матчы. Усе прайграў і зарабіў $ 18,5 тыс.
Далей - сумней. Сяргей Бетаў (№ 532 сусветнага рэйтынгу АТР) гуляў толькі на турнірах сэрыі «Ф'ючэрс», да таго ж з пераменным поспехам. 12 перамог, 11 паражэнняў. Зарабіў $ 5 тыс. Мікалай Фідзірка (№ 641 АТР) у 19 матчах турніраў серыі «Ф'ючэрс» прайграў 10 разоў. Заробак - $ 3,9 тыс. Андрэй Васілеўскі (№ 723 АТР) згуляў тры матчы на турнірах серыі АТР і ва ўсіх пацярпеў паразу. Заробак склаў $ 3,1 тыс. Аляксандр Буры (№ 740 АТР) зарабіў $ 3,9 тыс.,Дзмітрый Жырмонт (№ 767 АТР) - $ 2,3 тыс. Павел Катляроў (№ 795 АТР) - $ 1,6 тыс., Уладзімір Крук (№ 1042 АТР) - $ 1,8 тыс., Кірыл Гарбацюк (№ 1175 АТР) - $ 611, Павел Філін (№ 1318 АТР) - $ 400, а Андрэй Каратчэня і зусім не гуляў і не атрымліваў прызавых.
У агульным рахунку ўсе беларускія тэнісісты, якія маюць рэйтынг АТР, зарабілі $ 174.920. Без ветэрана Макса Мірнага сума і зусім выглядала б смешна - $ 41449. На 11 чалавек. У прафэсійным спорце часцей за ўсё менавіта прыбыткі з'яўляюцца меркай паспяховасці спартсменаў. У выпадку з беларусамі ўсё вельмі сумна. Асабліва, калі задумацца пра перспектывы. Што ж тычыцца рэкламных кантрактаў, то наўрад ці пра іх можна казаць сур'ёзна ...
А вось у жаночым тэнісе ў Беларусі не ўсё гэтак змрочна. Вядома, дагнаць камусьці Марыю Шарапаву з яе $ 20 млн. прыбытку практычна нерэальна - рэкламныя кантракты Машы «важаць» вельмі дорага. А вось перасягнуць у сумленным заробку - нескладана. Што і адбылося: першая ракетка Беларусі Вікторыя Азаранка па стане на 19 ліпеня на корце (а не за яго межамі) зарабіла ў два разы больш, чым Шарапава.
Мяркуйце самі: сума заробленых прызавых у Марыі Шарапавай склала ў 2010 годзе ўсяго $ 296 тыс. Віка Азаранка за гэты ж час зарабіла $ 613 тыс. Прыкладна такія ж суадносіны былі і ў мінулым годзе, на падставе якіх выводзіў свой рэйтынг Sports Illustrated. Вікторыя зарабіла на розных турнірах $ 1830000, Марыя - $ 897 тыс. (гэта значыць «спартыўны» ўклад у агульную суму яе даходаў склаў менш за 5%). Аднак Вікторыя - не Марыя. І пакуль зарабляе грошы, у асноўным, на корце.
Акрамя Азаранкі ў Беларусі ёсць яшчэ некалькі тэнісістак, пра якіх можна сказаць, што яны зарабляюць на тэнісе. Як мінімум, іх прыбыткі - вышэй сярэдняй зарплаты па краіне.
Гэта Вольга Гаварцова (№ 41 WTA), якая зарабіла ў 2010 годзе $ 243 тыс., Настасся Якімава (№ 129 WTA), якая атрымала $ 78,6 тыс. прызавых, Ірына Кур'яновіч (№ 167 WTA, $ 21 тыс.), Дар'я Кустава (№ 174 WTA, $ 57 тыс.). Кацярына Дзегалевіч (№ 240 WTA, $ 43 тыс.), Таццяна Пучак (№ 328 WTA, $ 45 тыс.). З пэўным нацягваннем да іх ліку можна аднесці і Ксенію Мілеўскую (№ 474 WTA, $ 7,8 тыс.).
Што ж датычыцца астатніх, то для іх тэніс варта хутчэй назваць каштоўным хобі, чым прафесіяй. У рэйтынгу WTA значацца яшчэ два дзесяткі беларускіх тэнісістак, якія зарабілі ў цяперашнім годзе ад $ 2,7 тыс. да $ 74 прызавых. Дасягненні ў іх адпаведныя.
Так ці інакш, але ў беларускім тэнісе ёсць пакуль 1 чалавек, які можа хаця б у перспектыве наблізіцца да спісу Fortunate 20 - Вікторыя Азаранка. Лепшыя гады Макса Мірнага, на жаль, адышлі, а большасці астатніх наўрад ці тэніс дапаможа забяспечыць спакойную старасць.