Масавыя затрыманні апазіцыянераў у Гомелі
4- 27.07.2010, 10:40
Гомельскія актывісты апазіцыі, затрыманыя ўвечары 26 ліпеня, знаходзіліся ў міліцыі каля трох гадзінаў і былі адпушчаныя пасля складання адміністрацыйных пратаколаў.
Як распавёў БелаПАН старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Васіль Палякоў, намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Юры Глушакоў і журналістка Ларыса Шчыракова, якія раздавалі віншавальныя паштоўкі напярэдадні 20-й гадавіны падпісання Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі, былі затрыманыя супрацоўнікамі палка патрульна-паставой службы.
Раней быў затрыманы і дастаўлены ў Цэнтральны РАУС актывіст АГП Уладзімір Няпомняшчых, на якім была майка з надпісам «За Беларусь без Лукашэнкі». Пасля складання рапарта актывіста адпусцілі.
На месцы акцыі быў затрыманы і дастаўлены ў апорны пункт праваабаронца Анатоль Паплаўны. Яго таксама адпусцілі пасля складання пратакола.