9 чэрвеня 2026, aўторак, 11:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Московский комсомолец»: Новы лорд разарыць сквапнага шантажыста

32
«Московский комсомолец»: Новы лорд разарыць сквапнага шантажыста

Як Лукашэнка зноў вырашыў выратаваць сваю рэпутацыю з дапамогай брытанскага піяршчыка, пішуць расейскія СМІ.

Раней Лукашэнку крытыкавалі, галоўным чынам, на Захадзе, дзе ён лічыцца «апошнім дыктатарам Еўропы», але зараз ён стаў губляць пазіцыі і ў Расеі - дзякуючы інфармацыйнай вайне Крамля і Менска ўсё больш людзей лічаць яго сквапным шантажыстам. Ратаваць сітуацыю закліканы лорд Пітэр Сэлвін Гамер Чадлінгтан, кіраўнік брытанскага піяр-холдынгу «Хантсуорт», паведамляе «Московский комсомолец».

У Лукашэнкі ўжо быў ангельскі іміджмэйкер - лорд Цімаці Бэл. Беларускія ўлады запрасілі гэтага «гуру ад піяру», які працаваў на Маргарэт Тэтчэр і Барыса Беразоўскага, узяцца за паляпшэнне знешняга іміджу «дыктатара». Кантракт з ім дзейнічаў усяго год, і для шмат каго засталося загадкай, чым жа застаўся незадаволены Лукашэнка.

У сапраўднасці Бэл зрабіў усё, каб палепшыць імідж беларускага лідэра. Ён арганізаваў яму інтэрв'ю з такімі медыямонстрамі, як The Financial Times, The Wall Street Journal, The New York Times і іншымі. Дзякуючы яго высілкам Беларусь атрымала магчымасць паўдзельнічаць у перспектыўнай праграме Еўразвяза «Усходняе партнёрства».

Паводле некаторых звестак, першага лорда Лукашэнку парэкамендаваў Беразоўскі. Бэл сумленна прызнаўся, што на кантракце зарабіў мільёны. «Па якім артыкуле дзяржбюджэту праходзілі гэтыя выдаткі, невядома», - узгадваюць зараз беларускія апазіцыйныя СМІ. Улетку 2008 года Бэл аптымістычна заяўляў, што будучыя парламенцкія выбары ў краіне будуць прызнаныя Захадам. Аднак замежнымі назіральнікамі і аналітыкамі ні правядзенне галасавання, ні яго вынікі ўхваленыя не былі. Нават такі выдатны піяршчык, як Бэл, не здолеў зрабіць немагчымае.

Зараз Лукашэнка вырашыў змяніць імідж беларускай эканомікі. Але замест рэальных зрухаў у сферы эканомікі ён вырашыў пайсці пракладзенай дарожкай. Сёння галоўная праблема Беларусі - адсутнасць інвестыцыяў. Іх прыцягненнем і зоймецца Чадлінгтан. У вачах заходняга капіталу краіна з сацыялістычнай структурай кіравання і аўтарытарным рэжымам павінна стаць прывабнай. Новы лорд ужо выступіў па беларускім тэлебачанні і ўпэўнена заявіў, што ведае, як дамагчыся патрэбнага выніку.

Зрэшты, скептычна настроеныя эксперты лічаць, што і Чадлінгтан пратрымаецца нядоўга. У яго самога не надта ўражвальная рэпутацыя. Найбольш вядомым эпізодам яго кар'еры было звальненне ў 1997 годзе з пасады дырэктара Брытанскай каралеўскай оперы. За два гады нават пры фінансавай падтрымцы дзяржавы Чадлінгтан умудрыўся давесці яе да разарэння. Скептыкі мяркуюць, што тая ж доля чакае рэшткі беларускай прамысловасці пад мудрым піяр-кіраваннем брытанскага лорда.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках