Спалохаліся конкурсу малюнкаў
7- 28.07.2010, 15:05
Конкурс малюнкаў 27 ліпеня ў Салігорску сарвала міліцыя. На затрыманых складзеныя пратаколы за несанкцыянаванае мерапрыемства.
27 ліпеня каля крамы «Детский мир» актывісты «Маладога Фронту» мелі намер правесці штогадовы конкурс малюнкаў, прымеркаваны да гадавіны абвяшчэння незалежнасці. У гэтым годзе конкурс павінен быў праходзіць чацвёрты раз, паведамляе «Белорусский партизан».
Адразу занепакоіла прысутнасць вялікай колькасці міліцыі. Паназіраць за супрацоўнікамі міліцыі прыехала нават здымачная група БТ з Менску - машына Першага нацыянальнага стаяла насупраць месца правядзення акцыі, аператар здымаў пачатак мерапрыемства.
У пачатку акцыі завязалася спрэчка паміж арганізатарамі конкурсу і міліцыяй. Першым маляваць крэйдай на асфальце пачаў намеснік старшыні МФ Іван Шыла. Ён і стаў першым затрыманым. У хуткім часе шэраг затрыманых папоўнілі Рыгор Астапеня, Андрусь Тычына, Ілля Нагорны, Сяргей Геранович.
Тады Аляксей Валобуеў абвясціў аб заканчэнні акцыі і заклікаў прысутных пайсці ў РАУС, каб сустрэць затрыманых. Аднак і ён быў затрыманы.
На ўсіх затрыманых складзены пратаколы па артыкуле 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях - удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Наперадзе - суд.