9 чэрвеня 2026, aўторак, 11:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як міліцыя перавыконвае план: школьнікаў выдаюць за «наркадылераў»

33

У судах разгледзелі справы былых міліцыянтаў, якія незаконна праводзілі аператыўныя эксперыменты.

За краты траплялі ў тым ліку і зусім невінаватыя людзі. Пратаколы падрабляліся, а за атрыманыя наркотыкі міліцыянты часам выдавалі звычайны пыл, піша ў газеце «Звязда» Яўген Валошын.

Тых супрацоўнікаў аддзела па наркакантролі, хто не гарэў жаданнем «выконваць план», начальства карала спагнаннямі. Тых, што «паказвалі вынік», павышалі, пераводзілі ў сталіцу і вобласць.

Пакуль асуджана толькі чацвёра. Гэта былыя супрацоўнікі аддзела ўнутраных справаў Кастрычніцкага раёна Віцебска.

Цягам некалькіх гадоў міліцыянты незаконна прыцягвалі людзей да адказнасці за «незаконнае абарачэнне наркотыкаў». Пры гэтым нават не імкнуліся праводзіць аператыўныя эксперыменты па законе, а найчасцей проста фальсіфікавалі пратаколы, самі пісалі тлумачэнні ад імя панятых і падроблівалі подпісы. Шматлікія скаргі ад асуджаных «гулялі» па розных інстанцыях. Аднойчы сваю праверку распачало ўпраўленне КДБ па Віцебскай вобласці. Следчы Алег Барысевіч знайшоў шматлікія грубыя парушэнні заканадаўства. У красавіку 2009 года была распачатая крымінальная справа.

— Асуджаныя такім чынам грамадзяне атрымлівалі пакаранні тэрмінам каля васьмі гадоў пазбаўлення волі, — распавядае старшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб дзяржаўнай бяспецы Валеры Галай. — Крымінальная справа была заведзеная па факце супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да грамадзяніна Мішчанкі. На той час ён быў звычайным 16-гадовым школьнікам (ішоў 2005 год). Падлетак, які нібыта купляў у Мішчанкі наркотык, стаяў на ўліку ў аддзеле па справах няпоўнагадовых. Ён вёў антыграмадскі лад жыцця, рос без бацькі, ніколі не меў кішэнных грошай, а яму хацелася. Супрацоўнік аддзела па справах няпоўнагадовых пазнаёміў яго з Дарэнкам і Хабарэнкам (прозвішчы былых міліцыянтаў змененыя) — супрацоўнікамі аддзялення па наркакантролі АУС Кастрычніцкага раёна Віцебска.

Яны прапанавалі: «Калі даведаешся, хто са знаёмых займаецца наркотыкамі, паведамляй, мы табе грошай дамо». Той ведаў, што нейкая дзяўчына гандлюе ля школы, пайшоў у выведку. Каля школы выпадкова сустрэў Мішчанку, той распавёў: «А яе тут ужо даўно няма». Тады гэты хлопец дастаў дзесьці марыхуаны, перадаў супрацоўнікам міліцыі і сказаў, што купіў гэта ўсё ў Мішчанкі, якога міліцыянты і дапыталі: «Дзе бярэш наркотыкі? Кажы, альбо будзеш сядзець!»

А што яму сказаць? Чалавек з наркотыкамі звязаны не быў. У выніку яго затрымалі.

— Кажуць, што падчас вобшуку ў кватэры Мішчанкі міліцынты нешта знайшлі…

— У кватэры нічога не было. Дарэнка пачаў шукаць на лесвічнай пляцоўцы, у электрашчытку. Там прысутнічала маці, панятыя.

Ён выграб са шчытка нейкі пыл, сказаў, што гэта наркотыкі, запіхнуў усё ў пачак з-пад цыгарэтаў. Ніхто нічога не бачыў, а звесткі былі занесеныя ў пратакол.

Панятыя пратакол падпісалі: «Калі міліцыянер сцвярджае, значыць, так і ёсць».

Справа ў тым, што Дарэнка не меў права праводзіць вобшук у пад’ездзе, бо санкцыі на гэта не было. Можна было толькі ў кватэры.

Службовыя асобы з пракуратуры таксама панеслі пакаранне за тое, што не спынілі гэтае правапарушэнне, калі накіроўвалі справу ў суд.

Адзначу, што з усіх асуджаных толькі Мішчанка і яшчэ адзін грамадзянін не займаліся наркотыкамі. Астатнія былі альбо наркаспажыўцамі, альбо гандлярамі. Аднак да крымінальнай адказнасці тыя былі прыцягнуты незаконна.

«Тлумачэнні ад імя панятых пісалі самі, подпісы ставілі студэнты»

У КДБ і пракуратуры прааналізавалі, якія службовыя «подзвігі» выдавалі супрацоўнікі аддзела па наркакантролі. Вынікі працы павысіліся да 200%. Вышэйшаму кіраўніцтву гэта падабалася — кар’ерны рост віцебскіх «шэрлакаў холмсаў» паскорыўся.

Дарэнка (той самы, які выдаў пыл за наркотык) пераехаў у сталіцу, зрабіўся аператыўным упаўнаважаным па асабліва важных справах другога аддзела ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС Беларусі.

Хабарэнку з раённага аддзялення ўнутраных справаў перавялі ва УУС Віцебскага аблвыканкама, прызначылі на пасаду старшага аператыўнага ўпаўнаважанага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі.

Яшчэ адзін «перадавік», Мядзведзеў (прозвішча змененае), стаў начальнікам аддзела па наркакантролі АУС Кастрычніцкага раёна Віцебска.

Пытаемся ў Валерыя Галая пра іншыя эпізоды крымінальных справаў.

— Падчас правядзення аператыўных эксперыментаў панятыя павінны аглядаць вопратку закупшчыка, дыктафон і грошы таксама павінны ўручацца ў прысутнасці панятых. Тым не менш міліцыянты сфальсіфікавалі ўсе належныя дакументы. Самі пісалі тлумачэнні ад імя панятых. Потым студэнтаў юрыдычнага факультэта прасілі ставіць подпісы. Некаторых студэнтаў падманвалі, казалі што так патрэбна, што падчас аператыўнай працы гэта неабходна, каб захаваць жыццё закупшчыку, што суддзя пра ўсё ведае. І людзей у выніку асуджалі. Праводзіліся экспертызы, ды і людзі пазней казалі: «Гэта не мае подпісы, я не падпісваў…»

— А ўсё ж, якое ўражанне ствараюць асуджаныя міліцыянты падчас асабістага кантакту?

— Яны як аператыўныя працаўнікі былі някепскія. Калі б не ленаваліся працаваць, маглі б мець падобныя паказчыкі. Пакуль вялося следства, у іх абарону звярталіся дэпутаты, самі абвінавачаныя закідвалі скаргамі ўсе інстанцыі. Дарэнка пагадзіўся з тым, што пратаколы фальсіфікаваліся, але пры гэтым казаў: «Асуджаныя людзі — наркаманы. І я лічу, што дзейнічаў правільна». Але ўсе мы ходзім пад Богам, калі закон і інструкцыі ёсць, іх трэба выконваць. Гэта не 37-ы год, і трэба даказваць вінаватасць любога злачынцы.

Крымінальныя справы ў дачыненні да трох міліцыянтаў разглядаў Магілёўскі абласны суд. Усе былі асуджаныя за «злоўжыванне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі» і «загадзя лжывыя паказанні», атрымалі па шэсць гадоў пазбаўлення волі ў папраўчых калоніях узмоцненага рэжыму.

Але гэта яшчэ не канец.

Сталі вядомыя іншыя эпізоды незаконных аператыўных эксперыментаў, крымінальныя справы заводзіліся па наноў адкрытых абставінах, разглядаць іх будзе Віцебскі вайсковы суд.

Не выканаў план — атрымай спагнанне

З усёй чацвёркі асуджаных міліцыянтаў у нейкай ступені шкада толькі аднаго — Вячаслава Ерашэвіча. Як кажуць, шкоды ён нарабіў у дзесяць разоў менш, а пакаранне атрымаў такое ж — шэсць гадоў пазбаўлення волі. Ерашэвіча асудзілі самым першым.

Ён не імкнуўся выканаць план на 200%, але начальства ціснула. Так, Хабарэнка загадаў Ерашэвічу «падрыхтаваць» пратаколы па сваёй злачыннай схеме. Той пагадзіўся — ну як адмовіш кіраўнікам?

Не ведаю, наколькі сумленным ці дрэнным міліцыянерам быў Вячаслаў Ерашэвіч, але відавочна, што да парушэння заканадаўства яго ў шмат у чым падштурхоўвала начальства.

У прысудзе Віцебскага абласнога суда па справе Ерашэвіча (за 11 снежня 2009 года) прыведзеныя словы першага намесніка начальніка АУС Кастрычніцкага раёна Віцебска: «Праца аддзела разглядалася на пасяджэннях ва УУС, абмяркоўвалася праца кожнага супрацоўніка аддзела. Вынікі працы Ерашэвіча былі нездавальныя, за што той прыцягваўся да адказнасці».

Вось яшчэ адзін абзац з прысуда: «За ўпушчэнні ў агентурна-аператыўнай рабоце і нізкія вынікі працы па лініі наркакантролю загадамі начальніка УУС Віцебскага аблвыканкама Ерашэвіч караўся дысцыплінарна 31 жніўня 2007 года, 9 лістапада 2007 года, 1 жніўня 2008 года».

Простым вокам відаць, што праводзіць незаконныя аператыўныя эксперыменты міліцыянтаў «стымулявалі» некаторыя старэйшыя па званні. А калі супрацоўнік на гэта не ішоў, не паказваў вынікі, дык атрымліваў дысцыплінарныя спагнанні.

Вячаслаў Ерашэвіч так і не навучыўся выконваць план на 200%, так і не ўпісаўся ў сістэму і быў пераведзены на пасаду звычайнага ўчастковага. Але гэта не дапамагло яму пазбегнуць адказнасці за правапарушэнне.

Дарэчы, ёсць верагоднасць, што да крымінальнай адказнасці ў будучыні будуць прыцягнутыя і іншыя людзі ў пагонах.

Погляд збоку

Гэтую крымінальную справу называюць гістарычнай. Упершыню міліцыянтаў жорстка асудзілі за незаконнае правядзенне аператыўных эксперыментаў. Паверце, зрабіць гэта было звышскладана.

За час маёй журналісцкай працы да мяне звярталіся дзесяткі чалавек, якія скардзіліся на аператыўныя эксперыменты: «Мяне незаконна асудзілі, падкінулі наркотыкі, уперлі хабар…» І хоць у некаторых людзей былі цвёрдыя аргументы невінаватасці, рыхтаваць артыкулы ў іх абарону было складана.

Але пасля такіх размоваў рабілася страшна: «пярэварацень у пагонах» можа скалечыць лёс прыстойнаму чалавеку без згрызотаў сумлення. Правесці аператыўны псеўдаэксперымент, выдаць пыл за какаін, падкінутыя грошы — за хабар, і на ўсё жыццё паставіць на табе кляймо — «бандыт», «наркагандляр», «хабарнік».

Ведаем, што спробы калечыць лёсы людзей незаконнымі аператыўнымі эксперыментамі здараліся не толькі ва АУС Кастрычніцкага раёна Віцебска.

Колькі гадоў таму журналіст «Звязды» пісаў матэрыял пра Андрэя Агурцова, таксама жыхара Віцебска. Хлопцу нечакана заламалі рукі каля дома, як аказалася, супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў на транспарце. Правялі вобшук у кватэры, нічога не знайшлі. Але ўсё адно абвінавацілі ў «незаконным абарачэнні наркотыкаў». Хлопца ўратаваў суд Кастрычніцкага раёна Віцебска. Суддзя Сяргей Ламака вынес апраўдальны прысуд.

Але колькі такіх агурцовых не змаглі даказаць сваю невінаватасць!

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках