Галкіпер нарвежскага клуба IOF больш за месяц сядзіць у турме ў Менску
4- 5.07.2010, 14:40
Грамадзяніна Камеруна затрымалі нібы за падробку дакументаў напярэдадні матчу з Нарвэгіяй.
Міграцыйныя службы аэрапорта «Мінск-2» 1 чэрвеня затрымалі яго па падазрэнні ў падробцы пашпарта. Пра гэта стала вядома з ліста ў праваабарончы цэнтр «Вясна» сяброўкі затрыманага, гішпанкі Інмакулады Гансалес, якая прасіла праваабаронцаў даведацца пра лёс камерунца.
Яна піша, што «Гі Франсуа Тукам мае від на жыхарства ў Гішпаніі, але некалькі месяцаў таму ён атрымаў прапанову гуляць у футзал (разнавіднасць міні-футбола) за нарвежскі клуб IOF (Осла). Менавіта 1 чэрвеня каманда прыляцела ў Менск, на гульню Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў УЕФА па футзале. На аэрадроме ў Менску міліцыя затрымала яго таму, што пашпарт быў вельмі стары. Тым не менш, я дакладна ведаю, што пашпарт сапраўдны, бо ў пачатку лета 2009 года Тукам звярнуўся ў амбасаду Камеруна ў Мадрыдзе, і падоўжыў тэрмін дзеяння пашпарта да 2011 года. Мне патрэбна ваша дапамога, каб знайсці свайго сябра. Мне трэба ведаць, дзе ён, у якіх умовах знаходзіцца. Я прашу вас даведацца і адказаць мне пра стан яго здароўя, а таксама дапамагчы абараніць яго правы на абарону і справядлівае судовае разбіральніцтва. Калі ласка, дапамажыце! Інмакулада Гансалес»
Праваабаронцы адгукнуліся на просьбу гішпанкі і высветлілі, што Гі Франсуа Тукам сапраўды знаходзіцца пад арыштам у Менску, яго падазраюць у падробцы пашпарта і, каб праверыць яго асобу, прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў накіравалі запыт у бліжэйшую амбасаду Камеруна, у Маскву. Аднак на дадзены момант адказу адтуль няма. Звычайна толькі пасля атрымання афіцыйнага адказу пачынаецца працэс дэпартацыі. Аднак у працэсе вяртання замежніка на радзіму можа прайсці пэўны час, нярэдка дастаткова доўгі, бо альбо ён сам, альбо краіна, у нашым выпадку - Камерун, павінен аплаціць выдаткі па дэпартацыі (дарозе), і знайсці магчымасць ажыццявіць перавозку дэпартуемага.
Увогуле, сітуацыя з Туканам - выпадак даволі тыповы для Беларусі. Кожны год міграцыйная або памежная службы затрымліваюць тысячы грамадзян іншых краін па падазрэнні ў парушэнні парадку перасячэння мяжы, альбо парадку знаходжання iншаземца ў Беларусі. Па дадзеных Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС РБ, толькі ў мінулым годзе з Беларусі былі дэпартаваныя 1574 грамадзян з былых савецкіх рэспублік. Крыху менш - з астатніх краін свету. Многія з іх прайшлі непрыемную працэдуру чаканні.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч знаёмы з падобнымі фактамі і характарызуе адміністрацыйныя затрыманні замежнікаў як вялікую праблему для гэтых людзей:
«Беларускае заканадаўства прадугледжвае працэдуру дэпартацыі за здзяйсненне шэрагу адміністрацыйных правапарушэнняў, у тым ліку за парушэнне парадку перасячэння дзяржаўнай мяжы Беларусі. Увогуле, такія пытанні рэгулююцца Законам аб статусе замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства Рэспублікі Беларусь, які ўступіў у дзеянне ў студзені 2010 года, а таксама Пастановай Савета міністраў Беларусі аб парадку дэпартацыі замежных грамадзян. Праблема ж крыху ў іншым. Так, за здзяйсненне вышэйзгаданых правапарушэнняў асоба можа быць затрыманая супрацоўнікамі міліцыі, прычым тэрміны затрымання ў такіх выпадках усталёўваюцца Працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях у Рэспубліцы Беларусь. Аднак тэрміны ў гэтым кодэксе не вызначаныя. Грамадзянін можа быць затрыманы на тэрмін, неабходны для выканання дэпартацыі. Гэтая неабходнасць перш за ўсё ўвасабляецца ў пошуку фінансавых магчымасцяў для дэпартацыі. Часам, калі ў затрыманых не маецца ўласных сродкаў, беларускія ўлады звяртаюцца ў амбасады адпаведных краін, але там часам не вельмі спяшаюцца клапаціцца пра сваіх грамадзянаў. Натуральна, гэта прыводзіць да таго, што людзі могуць знаходзіцца па некалькі месяцаў у спецыяльных месцах утрымання, умовы ў якіх аднолькавыя як для сваіх правапарушальнікаў, так і для замежных. Агульнавядома, напрыклад, што ўмовы ўтрыманьня ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ў Менску вельмі кепскія. Да таго ж, часта замежнікі не ведаюць ніякай мовы, не атрымліваюць юрыдычнай дапамогі, застаюцца сам на сам са сваімі праблемамі, пакінутыя ўсімі, у тым ліку і сваімі амбасадамі, якія могуць знаходзіцца за дзесяткі тысяч кіламетраў. У такіх выпадках беларускія службы вымушаны доўга чакаць як афіцыйнага пацверджання асобы, так і фінансавых магчымасцяў. Гэта сапраўды вялікая праблема, паколькі ў Беларусі праваабаронцы не маюць доступу ў месцы ўтрымання і не могуць надаць якасную прававую дапамогу».
Але вернемся да сітуацыі з камерунцам. 4 чэрвеня ў Менску адбыўся матч XX розыгрышу Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў па футзале паміж камандамі «Ахова-Дынама» (Менск) і IOF (Нарвегія). Беларусы перамаглі з лікам 10:1. Зразумела, што ў гэтай гульні не змог удзельнічаць галкіпер Гі Франсуа Тукам, паколькі знаходзіўся на Акрэсціна.
Што ў гэтай сітуацыі рабілі сябры па камандзе Тукама, праваабаронцам пакуль невядома, як і тое, ці рабіла якія-небудзь захады кіраўніцтва нарвежскай каманды, у складзе якой павінен быў гуляць кантрактнік-камерунец. У сувязі з гэтым ПЦ «Вясна» звярнуўся да калегаў з Нарвегіі, каб тыя на месцы паспрабавалі высветліць, ці клапоцяцца пра свайго гульца нарвежскія спартоўцы.
Жудасна быць ізаляваным ў чужой краіне на доўгі час, практычна без усялякай юрыдычнай дапамогі, без валодання мовай, без неабходных рэчаў, без сяброў.
Таму праваабаронцы перадалі затрыманаму на Акрэсціна дазволеныя заканадаўствам гігіенічныя сродкі, пітную ваду, канцылярскія прылады, а таксама звязаліся з яго сябрамі ў Гішпаніі, каб праз амбасаду Камеруна ў гэтай краіне паскорыць атрыманне адказу на запыт беларускага Міністэрства ўнутраных спраў з Масквы.