Улады збіраюцца паціснуць прыватны апт
23- 7.07.2010, 9:27
У бліжэйшы час Саўмін можа даручыць Міністэрству гандлю распрацаваць меры, якія дазволілі б дзяржаўным аптавікам падняцца над прыватнымі.
З ініцыятывай змяніць існуючае становішча на аптовым рынку краіны выступіў Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі, які вызначыў занадта прэвалюючым становішча прыватнікаў над дзяржаўнымі аптавікамі. Старшыня КДК Зянон Ломаць накіраваў у Саўмін ліст, у якім настойліва рэкамендаваў разгледзець дадзенае пытанне, паведамляе «Ежедневник».
Па меркаванні ўплывовага кантралёра, з-за недагляду Міністэрства гандлю, органаў улады і кіравання на месцах, значная перавага ў аптовым звароце тавараў «замацавалася» за суб'ектамі гаспадарання прыватнай формы ўласнасці. КДК лічыць ненармальнай сітуацыю, калі доля прыватнага гандлю на рынку краіны складае больш за 90 працэнтаў, пазіцыі дзяржаўнага гандлю практычна цалкам згубленыя.
Па дадзеных КДК, многія дзяржаўныя арганізацыі, якія працуюць на аптовым рынку, сёння вымушаны зарабляць выключна на здачы ў арэнду памяшканняў і складоў, цалкам згубілі свае пазіцыі на рынку. У гэты час «суб'екты малога бізнесу і буйныя сеткавыя прыватныя гандлёвыя арганізацыі, якія карыстаюцца даступнай арэндай незадзейнічаных складовых памяшканняў дзяржаўнай уласнасці, практычна бесперашкодна імпартуюць у рэспубліку тавары, ствараючы канкурэнцыю аналагічнай айчыннай прадукцыі». У выніку, канстатуе КДК, «арганізацыі прыватнай формы ўласнасці, пачынаючы аптовыя (імпартныя) аперацыі з адзінкавых пагадненняў, праз 2-3 гады аказваюць істотны ўплыў на фарміраванне рэсурсаў тавараў на спажывецкім рынку рэспублікі».
«Так, практычна аддадзены «на водкуп» прыватным камерцыйным арганізацыям імпарт свежых агародніны і садавіны», - паведамляе Зянон Ломаць. КДК прывёў нават канкрэтны прыклад: «буйная прыватная структура рэалізавала ў 2009 годзе 32,5 тысячы тон імпартных садавіны і гародніны. Гэтая арганізацыя мае крамы і склады (як арэндаваныя, так і ўжо набытыя ва ўласнасць) у гарадах рэспублікі, пакупнікамі прадукцыі з'яўляюцца больш за тысячу суб'ектаў гаспадарання рэспублікі - ад гіпермаркетаў да індывідуальных прадпрымальнікаў».
Камітэту дзяржкантролю катэгарычна не спадабалася такое становішча спраў, і ён настойліва рэкамендаваў Саўміну прыняць адпаведныя меры. Гэта можа азначаць толькі тое, што ў бліжэйшы час будзе выпрацаваны комплекс мер, якія абмяжуюць дзейнасць прыватных аптавікоў і дазволяць дзяржаўным паціснуць іх.